
Наш сябра, адразу як iнспэктар перастаў зважаць на яго, пачаў ганяцца за iм, быццам бы ён цяпер быў iнспэктарам, а iнспэктар - злачынцам. Маўляў, iнспэктар перайшоў на танцавальны крок з таго часу, як палюе гэтага маладзёна. Маўляў, гэта выглядае так, быццам ён захапляецца тым, каго перасьледуе. У яго, нашага сябры, таксама спачатку было такое ўражаньне, быццам iнспэктар перасьледуе яго, бо захапляецца iм. Таго, што iм не захапляюцца, а перасьледуюць, наш сябра дайшоў значна пазьней. Маўляў, толькi праз быцьцё-перасьледаваным у iм абудзiлася сумленьне. Раней ён лiчыў сябе маладым, сымпатычным ды таленавiтым. Толькi зь цягам часу ён заўважыў, што яго перасьледуюць як злачынцу.
Мiж тым наш сябра кiнуў перасьледаваць iнспэктара. Цяпер ён сядзiць дома й летуценiць аб тым часе, калi iнспэктар яшчэ паляваў яго. Вось то быў час! Ягоныя словы гучаць цяпер так, быццам гэта было больш танцам, чымся перасьледам. Танцам, што падобны да бою на рынгу, ды ўсё ж застаецца танцам. Наш сябра цяпер лiчыць сябе пераможаным. Iнспэктар страцiў усякую цiкавасьць да яго. Для чалавека, для якога быцьцё-перасьледаваным сталася зьместам жыцьця, гэта, вiдавочна, самае горшае.
Наш сябра гадзiнамi распавядае пра бесхарактарнасьць ды непаўнавартаснасьць iнспэктара; але калi нехта з нас хоць кiўком галавы пагодзiцца з гэтым, ён абураецца ды пачынае баранiць iнспэктара ад нас. Наш сябра зрабiўся цяпер зусiм невыносным. Мы ў думках зычым нашаму сябру хуткага ды шчасьлiвага канца.
1978
