Калi б ён здолеў авалодаць сабой, калi б ён кiнуў урэшце бегаць за iнспэктарам, калi б ён здолеў трохi больш пасьпяхова супрацьстаяць свайму прымусу ўвесь час гаварыць пра сваё стаўленьне да iнспэктара, тады была б яшчэ спадзяванка, што iнспэктар не даведаецца, наколькi ён ужо перамог нашага сябру. Проста калi ён аднойчы даведаецца пра гэта, ён будзе здатны абыходзiцца з нашым сябрам, як захоча. А што тады ён будзе здатны да ўсяго, мы ведаем. Гэтаму ёсьць прыклады.

Калi iнспэктар дазнаецца, што адолеў каго-небудзь з тых, каго ён перасьледуе, тады толькi бачна, чаго ён дамагаецца. Потым ён абыходзiцца са сваёй ахвярай зусiм як котка з мышай. Ён ня хоча пазбавiць сваю ахвяру сонечнага сьвятла, ён таксама ня хоча зусiм прыкончыць яе. Нiшто не цiкавiць яго болей, чымся рухi ягонай ахвяры. Калi затым партнэр проста ляжыць, паралiжаваны цi мёртвы, ва ўсялякiм разе, болей ня здольны варухнуцца, гэта псуе iнспэктару настрой гэтаксама моцна, як нерухомасьць мышы - котцы. Сапраўды, столькi ж было зроблена дзеля мышы. Яе толькi жартам пакусвалi, перакiдвалi з лапы на лапу, уцягнуўшы кiпцюры... I што робiць гэтая паскудная iстота? Ляжыць покатам, не гуляе больш, бастуе, сыходзiць, пакiдае цябе сам-насам са сьветам, пазбаўленым усякае чароўнасьцi.

Разглядаць дачыненьнi памiж iнспэктарам i нашым сябрам як дачыненьнi памiж коткай i мышай больш чымся законна. Хiба мыш ня ёсьць своеасаблiвым злачынцам, для перасьледу якога выкарыстоўваюць котку? I не зважаючы на гэта, нiхто з нас не бярэ выключна бок коткi. Мыш грае нам на нэрвах, а котка грацыёзна рухаецца. Але ж гэта далёка ня ўсё! Варта паглядзець, як мыш нерухома ляжыць памiж застыглымi ў чаканьнi лапамi!

Пэўны час справа была зусiм дрэнь. Наш сябра ўжо не варушыўся. Ён гаварыў толькi тады, калi яго прасiлi прамовiць, нарэшце, хоць адзiн сказ. Цi такiм чынам ён хацеў конча стрэсьцi зь сябе iнспэктара? Цi ён хацеў, каб iнспэктар уклякнуў перад iм i папрасiў, каб ён перастаў разбураць чары i сабатаваць жыцьцё? Фаза поўнай нерухомасьцi была, мабыць, апагеем змаганьня. Такое пакутлiвае для гледачоў, для нас, сяброў, здранцьвеньне было парушанае iнспэктарам. Ён, мусiць, згледзеў недзе новы рух. Маладую мыш, так бы мовiць. Сымпатычнага маладога злачынцу.



5 из 6