I вось пасьля нейкага часу праз нашу вёску прасунулiся збройныя калёны Радыёнава, накiроўваючыся на ўсход. Празь некалькi дзён кажны свае позiркi з трывогай зьвяртаў у той кiрунак: там неба днямi чарнела густымi дымамi, а начамi палала зарывам пажараў (магчыма, што гэта й была тая "акцыя" на Лепельшчыне, аб якой успамiнае Юрка Вiцьбiч).

Назад калёны вярталiся абладаваныя ўсялякiм сялянскiм дабром, з цэлымi статкамi кароў i iншае дамовае жывёлы. П'яныя-ж жаўнеры нярэдка вязьлi на вазох сваю "ваенную здабычу" - маладых дзяўчат. Адкрылiся вочы сялянам пабачылi, што за "абаронцаў" нажылi ў суседзтве.

Пасьля гэтае "генэральнае акцыi" пачалiся дробныя налёты "радыёнаўцаў" на блiжэйшыя вёскi, быццам у пошуках партызанаў. П'яная арда звальвалася на вёску як саранча, рабавала, гвалцiла, а пры найменшым супрацiве - збiвала й расстрэльвала. Дайшло да таго, што часамi жыхарства данае мясцовасьцi, заўважыўшы загадзя наблiжэньне расейскiх адзьдзелаў (пазнаць iх было лёгка па вялiкай колькасьцi вабозу), шукала аховы пры нямецкiх "штыцпунктах" цi мясцовых гарнiзонах, калi такiя былi ў ваколiцы. Бывалi выпадкi й сутычак мiж мясцовай палiцыяй i радыёнаўцамi.

Некаторыя могуць сказаць, што ў брыгадзе Радыёнава быў значны працэнт i беларусаў. Вось-жа спачатку iх там зусiм ня было, а потым - так, былi. Апынулiся-ж яны там такiм чынам. Пасьля свае першае крывавае акцыi на ўсход ад Глыбоччыны ды некалькiх ня менш крывавых рэйдаў у блiжэйшых да свае "ставки" раёнах, Радыёнаў пачаў мабiлiзацыю мясцовага жыхарства ў свае рады. Гэта было своеасаблiвае мабiлiзаваньне. Моцны адзьдзел радыёнаўскiх карнiкаў прыбываў у валасны цэнтр i загадваў старастам склiкаць на наступны дзень усiх маладых людзей на антыкамунiстычны мiтынг. За незьяўленьне - расстрэл. На мiтынгу выступаюць афiцэры-агiтатары, якiх нi мова, нi спосаб гаварэньня ня розьнiцца ад тых, якiмi карыстаюцца савецкiя палiтрукi. Адно толькi - заместа "советская родина", "коммунизм", "вождь Сталин" - чуецца "Россия", "Новая Европа", "фюрер Гитлер". А на заканчэньне такога мiтынгу "палiтрук" абвяшчае, што ўсе тут прысутныя зьяўляюцца "добровольцами русской армии". У мiжчасе натоўп абкружаны па зубы ўзброенымi "радыёнаўцамi", а пад акампанемэнт дзiкага мата пачынаецца фармаваньне яго ў калёны ды адбiраньне дакумантаў, без якiх нiдзе нельга паказацца, каб не быць палiчаным за партызана.



10 из 590