
Я чуў пазьней пра некалькi такiх мiтынгаў, але на самым першым у нашых ваколiцах (мястэчка Галубiчы) давялося быць i самому ды ў вынiку стацца "дабраахвотнiкам" "русской армии".
Цiкава выглядала потым, на другi дзень, падарожжа з "мабiлiзацыйнага пункту" ў галоўную "ставку" ў Лужках. Падобнага спэктаклю не давялося мне потым пабачыць нiдзе й нiколi.
Перадусiм шматлiкiя "дабраахвотнiкi" змаглi пры дапамозе самагону й закускi пазбыцца гонару быць "русскими воинами" - выкупiлiся. Гэтага выкупу хапiла, каб радыёнаўцы ўпалi ў ваяўнiчы настрой. Праз усю дарогу трашчэлi скарастрэлы й кулямёты, час-ад-часу рвалiся гранаты. Усё гата дзеля таго, каб партызаны чулi, хто гэта едзе, ды навет ня пробавалi падыйсьцi блiзка. Як цяпер бачу - уехалi ў мястэчка Плiса. Пераязджаем цераз мост, а тут адзiн лейтанант ба-бах гранату ў рэчку ды аж заходзiцца ад сьмеху, усё паўтараючы: "Вот здорово!.."
Трэба сказаць, што змабiлiзаваным беларусам наагул ня доўга давялося быць у гэтай бандзе... Амаль усiм удалося потым вярнуцца дадому. А сталася гэта так. Пад восень 1943 году Радыёнаў праводзiў "аперацыi" дзесьцi ў раёне Докшыц i Бягомля. Гэтыя "аперацыi" закончылiся неспадзяваным для немцаў, але даўно прадказаным мясцовым жыхарствам вынiкам: Радыёнаў са сваёй "армiяй" перайшоў на бок партызанаў. Каб-жа давесьцi сваю адданасьць савецкай радзiме й часова здраджанаму "вождю" - напаў на нямецкi гарнiзон на станцыi Каралеўшчына й зьнiшчыў яго. Гэта яму лёгка ўдалося, бо калi прыбыў у Каралеўшчыну, немцы яшчэ зусiм ня ведалi аб паразуменьнi з партызанамi.
Пасьля гэтага "радыёнаўцы", баючыся помсты немцаў, глыбака зашылiся ў лясы й балоты ў вярхоўi Бярэзiны. З гэтай зьмены фронту нашы людзi й скарысталi ды паўцякалi дамоў. Немцы, зразумела, нiчога да iх ня мелi, бо чулiся цяпер самi вiнаватымi, што раней дазвалялi, а, прынамсi, удавалi, што ня бачылi нi радыёнаўскiх "мабiлiзацыяў", нi ягоных ганебных учынкаў".
