
Калi-ж аўтару гэтых радкоў даводзiцца цяпер у лiк тых, што так бязьлiтасна й без найменшага зразуменьня зусiм сьлепа iрвалi кускамi цела нашага народу, улучыць i ймя ўкраiнскiх злачынцаў, дык не таму, каб, успамiнаючы гэтта гiстарычны факт, зьменшыць сярод нашых родзiчаў цi сярод украiнцаў сьведамасьць вялiкае вартасьцi акропленага ахвярнаю крывёю вялiкага капiталу супольнага змаганьня з супольнымi ворагамi ў мiнуласьцi. Непараўнальна шмат больш добрага, чым благога, вяжа беларусаў з украiнцамi й наадварот. Толькi люнатык мог бы даводзiць адваротнае.
Адылi, калi беларус з ваколiцаў Вялiкiх Лукаў, Меншчыны цi якога iншага раёну Беларусi ўспамiнае, што ўкраiнскiя палiцыйныя адзьдзелы дарылi нашае няшчаснае сельскае насельнiцтва не зразуменьнем i прыязьню, а агнём i кулямётным сьвiнцом ды ў акцыi не рабiлi розьнiцы мiж сталiнскiмi злачынцамi й нявiннымi жыхарамi, дык у iмя гiстарычнае праўды, цi хаця-б мiнiмальнае аб'ектыўнасьцi гэтага анiяк нельга тут прамаўчаць.
Няма сумлеву, што ў той час яшчэ толькi разбуральнiкi старой (але гучна ахрысьцiўшыя сябе ўжо будаўнiкамi "новай") Эўропы, фашыстоўскiя злачынцы з Бэрлiну, навет у раньнi час вайны маглi мець дваякiя думкi адносна трапнасьцi ацэны магутнасьцi свайго мiлiтарнага патэнцыялу. Чаму-ж тады ня мелi яны прымянiць у жыцьцё ўжо так уцёртай i выгаднай ды выпрактыкаванай аксiёмы аб забiцьцi адным стрэлам двух зайцаў?
Гiтлераўцы чхалi на тое, дасканала ведаючы, што акцыя ўкраiнскiх палiцыйных адзьдзелаў у Беларусi падважывавала й разбурала вялiкi манумэнт адвечнай дружбы мiж суседнiмi народамi. Iм трэба была грызьня, братабойства, супольная i ўсеагульная разьня й нянавiсьць, каб зьняможаныя ў супольным кровапралiцьцi, спакораныя, зьвязаныя ланцугамi няволi, маглi быць запрэжаныя гэтыя народы ў мулкае ўдушлiвае ярмо тэўтонскага Малоха.
