Толькi нямыя сьцены менскага ўнiвэрсытэцкага гарадка, замененага ў часе вайны на гэстапаўскую катоўню, ды склепы менскае вязьнiцы змаглi-б пасьветчыць аб бязьмежным садызьме латыскага адзьдзелу СД, што ў ваднэй групе з бальшавiцкiмi агентамi душыў найлепшых патрыётаў беларускага народу. Калi сяньня, прыгадваючы злачыны гэтых вылюдкаў, даводзiцца шкадаваць, што няма мiж жывых сьветак апошнiх хвiлiн жыцьця вялiкага мучанiка - ксяндза Вiнцэнта Гадлеўскага, то ў канчатковым падсумаваньнi якая-ж нам з таго пацеха, што ахвярная кроў беларускiх патрыётаў мяшалася ў адным рэчышчы са здраднiцкай крывёй слугаў Сталiна?

ЛЕТУВIСЫ

Летувiскiя збройныя адзьдзелы, такiя-ж паводле свайго прызначаньня карныя, як i раней прыгаданыя зь iншых нацыянальнасьцяў, у найбольшай меры выявiлi сябе па суседзтву з домам, значыцца. перадусiм у акупаванай з ласкi самых-жа галоўных акупантаў Вiльнi й прылеглых раёнах Вiленшчыны. Ясна, што летувiсы, згодна з загадамi запраўдных гаспадароў, пад час выкананьня "службова-патрыятычных" абавязкаў зусiм чулiся гаспадарамi i ў iншых мясцох Беларусi, улiчваючы ня толькi тыя тэрыторыi, якiя сяньня некаторыя летувiсы навет у эмiграцыi скваплiва ўлучаюць (мусiць, цi не на аснове iхняе "праўды" аб гiстарычнай мiнуўшчыне Летувы) у межы сваёй дзяржавы.

УКРАIНЦЫ

Памiнаючы надта-ж ужо далёкую, самую, можна сказаць, сiвую i першапачатную гiстарычную мiнуўшчыну, калi беларускiя князi, ня могучы мiрна ўстанавiць межаў з украiнскiмi княствамi, загадвалi сваiм воям шпурляць пiкамi й адбiвацца шчытамi цi то ў вабароне, цi ў наступе, Бог так наканаваў, што на працягу доўгiх стагодзьдзяў беларускi вязень i нявольнiк бразджэў ланцугамi побач зьняволенага ўкраiнца. Ня дзiва тады, што назоўнiк "брат" у вуснах беларуса здабыў сабе вельмi пачэснае месца побач назоўнiка "украiнец", калi беларус так цi йнакш дзе-небудзь жадае падкрэсьлiць даўно iснуючую й больш навет чым традыцыйную ўжо прыязьнь мiж двума народамi. Так-жа сама й з такой-жа дозай людзкой шчырасьцi наш нацыянальна-сьведамы сусед з паўдня памiнае, падкрэсьлiваючы сваю прыязьнь, жыхара з-над Нёмна, Дзьвiны, Дняпра цi Сожа.



14 из 590