Камiсарыяту арганiзаваць у мэтах самаабароны перад бальшавiцкiмi партызанамi палiцыйныя адзiнкi ў акругах, у сiле батальёну кожная. Кажны з батальёнаў мае быць самастойным i падлягаць нямецкаму гэбiтс-каманданту палiцыi. Склад батальёну мае быць беларускiм, улучна з усiмi камандзерамi. Нямецкi камандант палiцыi Ген. Камiсарыяту мае даць батальёнам узбраеньне. Утрыманьне й абмундараваньне батальёнаў ускладаецца на Беларускую Самапомач. Адказнасьць за арганiзацыю й за палiтычную надзейнасьць Самааховы ўскладаецца на кiраўнiка Беларускае Самапомачы д-ра Iвана Ермачэнку.

Пасьля прачытаньня загаду пачалася дыскусiя. Паўстала пытаньне: з чаго распачынаць арганiзацыю Самааховы. Кушаль запрапанаваў прысутным узяцца за падрыхтоўку кадраў. Паколькi няведама было аб колькасьцi й якасьцi афiцэраў, дык найперш трэба было зрабiць iх улiк. Найлепш было-б дзеля таго паклiкаць iх у Менск на перашкаленьне. Прапанова была прынятая.

Першы курс перашкаленьня пачаўся 1 лiпеня 1942 г. Было паклiкана 120 афiцэраў. Паводля веку й вайсковых ведаў быў гэта надта разнаякi матэрыял. Былi там шасьцiдзесяцiгадовыя прапаршчыкi запасу царскае армii, а побач зь iмi - дваццацiдвухгадовыя падхаронжыя рэзэрвы польскае армii, савецкiя лейтананты й iншыя. Былi выпадкi, калi на курс прыязджаў бацька з сынам.

Камандзерам курсу стаўся капiтан Кушаль, а заступнiкам - паклiканы з Нясьвiжа капiтан Вiталi Мiкула. Адкрыцьцё адбылося вельмi ўрачыста ў прысутнасьцi гасьцей як зь беларускага, так i зь нямецкага боку. Вiтаў першы курс Генэральны Камiсар Вiльгельм Кубэ. Перашкаленьне цягнулася месяц часу. Першага жнiвеня пачаўся другi курс, таксама ў складзе 120 чалавек, а першага верасьня - трэцi, у складзе 60 асоб. Гэткiм чынам быў ня толькi сьцьверджаны лiчбавы стан беларускiх афiцэрскiх кадраў, але й iхныя вайсковыя веды ды ўсiм дадзеная аднолькавая вайсковая дактрына. Пасьля заканчэньня афiцэрскага перашкаленьня гэнымi-ж афiцэрамi ў вакругах было праведзена перашкаленьне падафiцэраў паводле гэткага-ж узору.



20 из 590