У Чэскай Празе жыла Ермачэнкава жонка, а давераныя людцы на рынках па спекуляцыйных цэнах збывалi тавар, прызначаны на прахарчаваньне поўгалоднага Менску. Грошы, ведама, iшлi ў кiшэнi нясьцiплага лекара й ягоных супольнiкаў. Некаму з апошнiх, мусiць, замала дасталося, бо, пэўна-ж, пачаў жалiцца, справа выйшла наверх, ну - а пасьля-ж, ведама, - у лiку iншых i Iван Ермачэнка паляцеў з цёплага местачка.

Плёткi апавялi, што ў Бэрлiне адбыўся над Ермачэнкам суд, што быццам яго пасадзiлi ў вязнiцу й iншае. Адылi пасьля выявiлася, што ня толькi сам лекар застаўся цэленькiм i добра нагрэтым, але што ў афэру былi замешаныя некаторыя нямецкiя службоўцы Генэральнага Камiсарыяту. Пасьля Ермачэнкi на старшыню Беларускае Самапомачы быў паклiканы Юры Сабалеўскi, што й займаў становiшча да канца вайны.

НАВАГРАДЗКI БЕЛАРУСКI ЭСКАДРОН

Калi параўнаць Наваградзкi Беларускi Эскадрон зь iншымi беларускiмi збройнымi адзьдзеламi за часоў гiтлераўскае акупацыi Беларусi, дык ён розьнiўся найбольш тым, што быў цалкам незалежны ад мясцовых немцаў. Зарганiзаваўся зь iнiцыятывы капiтана Барыса Рагулi, што й камандаваў iм. Не падлягаў загадам мясцовае нямецкае палiцыi, а беспасярэдня Генэральнаму Камiсарыяту ў Менску. З гэтай прычыны эскадрон уваходзiў у частыя канфлiкты зь мясцовай нямецкай палiцыяй, асаблiва-ж у часе апэрацыяў, калi даводзiлася абараняць перад немцамi нi ў чым ня вiнаватыя беларускiя вёскi ў апэрацыйных зонах, якiя, як ведама, немцы надта-ж былi прывыклi пушчаць з дымам, улучна з жывым насельнiцтвам.

Ядром эскадрону сталiся вучнi Настаўнiцкае Сэмiнарыi ў Наваградку. Адзьдзел прэзэнтаваўся вельмi добра фiзычна й высака стаяў маральна. Патрыятызм i адданасьць роднаму народу, як i сьведамасьць заданьняў абароны собскага насельнiцтва перад немцамi й бальшавiцкiмi партызанамi, былi найбольш вiдавочнымi якасьцямi эскадрону.



22 из 590