Пазьней, калi арганiзавалася Беларуская Краёвая Абарона, эскадрон улучылi ў Наваградзкi батальён БКА i называлi коннаю ротай. У баёх батальёну даводзiлася сутыкацца ня толькi з бальшавiкамi, ня толькi адстойваць беларускае насельнiцтва перад немцамi, але змагацца з палякамi, партызанка якiх дзейнiчалi ў Наваградзкай акрузе.

Пры эвакуацыi немцаў з Наваградчыны частка людзей з батальёну палiчыла патрэбным знайсьцi сьцежкi да сваiх хат i застацца пад бальшавiцкай акупацыяй, а бальшыня пад камандаю старшага лейтананта Др-кi прыйшла ў Нямеччыну, дзе пасьля апынулася ў дывiзii Зiглiнга.

ЧЫГУНАЧНЫ БАТАЛЬЁН

Чыгуначныя шляхi сувязi ў акупаванай гiтлераўцамi Беларусi былi заўсёды адным з асноўных аб'ектаў нападаў чырвоных партызанаў. Увесну 1942 г., спэцыяльна для аховы чыгунак, акупанты зарганiзавалi г. зв. Чыгуначны батальён, складзены вылучна зь беларусаў. Камандзерам быў капiтан С-ч. Жаўнеры ў батальён набiралiся быццам паводля прынцыпу дабраахвотнасьцi, але фактычна з прымусам, якi вёўся па лiнii Беларускае Самапомачы i з дапамогаю нямецкiх камандантаў палiцыi на месцах. У батальёне было больш тысячы чалавек. Чыгуначныя лiнii ў Беларусi, пачынаючы ад лета 1942 г., аж да канца нямецкай акупацыi ахоўвалiся ў ладнай меры беларускiмi людзьмi.

Калi-ж немцы пад напорам Чырвонае Армii, пакiдалi Беларусь, яны зусiм не клапацiлiся аб беларускiх жаўнерах, што былi iм так вялiкай дапамогаю пры ахове чыгунак. Частка iх засталася дома, а тыя, што тралiлi ў Нямеччыну, увайшлi пасьля ў 30-ю дывiзiю.

БЕЛАРУСКI СПЭЦЫЯЛЬНЫ БАТАЛЬЁН

У 1942 г. ў Менску быў зарганiзаваны г. зв. Беларускi Спэцыяльны Батальён, што ў пазьнейшы час разросься да сямi ротаў. Апошнiя выконвалi гарнiзонную службу i ўдзельнiчалi ў супрацьпартызанцкiх акцыях у Слуцку, Глыбокiм, Вiлейцы, Лiдзе й iншых месцах. Камандзерам батальёну быў нямецкi маёр Юнкер, ротамi й зьвязамi камандавалi беларускiя афiцэры.



23 из 590