Былi гэта маладыя хлапцы, гадоў па дваццаць кажны. Iхныя сем'i й сваякi ехалi паблiзу ў лiку iншых вайсковых сем'яў, кiруючыся на Граева. Афiцэры, вярнуўшыся зь лесу й далучыўшыся да сваiх сем'яў, навет не парупiлiся ськiнуць вайсковае вопраткi й пераапрануцца ў цывiльнае. Тым часам нямецкiя батальённыя афiцэры, даведаўшыся аб дэзэрцыi, паднялi алярм i пачалi рабiць пошукi. Да двух немцаў, што выехалi шукаць, прымазаўся й сяржант I.С. са Слуцку - з паходжаньня беларус, што калiсь служыў у Чырвонай Армii. Гэта быў тып службiстага-рэнэгата. Для яго не рабiла iстотнай розьнiцы, каму служыць, - адно абы прыдбаць пару мэдалёў цi iншых заслугаў. А калi-ж у часе службы давядзецца над кiм пазьдзекавацца, асаблiва над сваiм, дык i весялей будзе I.С.

Сустрэўшы вабоз вайсковых сем'яў на галоўнай дарозе ў Граева, немцы й I.С. здалёк заўважылi на возе Мохартавага бацькi двух маладых беларускiх афiцэраў. На загад - падняць рукi ўверх - лейтанант Дрозд анiчуць не замарудзiў, а Мохарт, як выглядала, яшчэ думаў, што рабiць, падымаць цi не. Немец стрэлiў зпiсталета й ранiў Мохарта ў правае плячо. Тут-жа немцы затрымалi хурманку з двума беларускiмi афiцэрамi. На запытаньне бацькоў Мохарта, куды iх павязуць, I.С. адказаў, што перавяжуць рану. Сьведкам гэтага выпадку быў старшы лейтанант Д. Кл-ч, якi ехаў крокаў на дзесяць ззаду за Мохартавай хурманкай.

Мохарт i Дрозд адвезеныя былi ў палатку й трыманыя там цэлую ноч пад вартай. Назаўтра ранiцою I.С. i адзiн радавы забралi арыштаваных i на той жа хурманцы, узяўшы з сабой аўтаматычны пiсталет i пару рыдлёвак, павезьлi iх у лес. Там адбылася экзэкуцыя. Сяржант I.С. меў нагоду прадэманстраваць сваю ляяльнасьць да гiтлераўскiх гаспадароў. Адно шкадаваў, што ня было паблiзу больш сьветак, калi бяз прынукi i са смакам ды насалодаю пазбавiў жыцьця двух маладых суродзiчаў. Ужо каля абеду вярнуўся ў сваю роту. Толькi тады некаторыя агледзелiся, што сталася, ды было позна.



25 из 590