
Зь гiсторыi гэтага батальёну варта прыгадаць дзьве падзеi, што кiдаюць яркае сьвятло ня толькi на дачыненьнi немцаў да беларусаў, але й на беларусаў-рэнэгатаў.
Камандзерам аднае з ротаў батальёну ў Менску быў старшы лейтанант Мазур. Быў гэта вельмi добры й амбiтны беларускi афiцэр, што стала й найперш дбаў аб сваiх жаўнерах, маючы наўвеце дабро Бацькаўшчыны. З гэтай прычыны ён уваходзiў у частыя канфлiкты зь Юнкерам.
Аднойчы нямецкi камандзер батальёну сабраў усiх беларускiх афiцэраў i паведамiў, што старшы лейтанант Мазур высланы ў Нямеччыну ў афiцэрскую школу для паглыбленьня сваiх ведаў. Шматлiкiя паверылi. Мазур быў паклiканы ў СД быццам дзеля атрыманьня дакумантаў на падарожжа, й пасьля гэтага больш нiхто яго не пабачыў. Ня маючы нiякiх вестак ад Мазура, беларускiя жаўнеры й афiцэры пачалi трывожыцьца. Дзеля ўспакаеньня iх маёр сабраў батальён i абвесьцiў, што ў Нямеччыне быў ангельскi паветраны налёт на афiцэрскую школу, куды выехаў Мазур, i што ён загiнуў пры бамбардыроўцы.
Адно пазьней беларусы даведалiся, што Мазур не пакiнуў Менску, а быў закатаваны ў менскiм СД за сваю стойкасьць i беларускi патрыятызм. Гэтак сьмерць выдатнага патрыёты пасьведчыла ў Беларускiм Спэцыяльным Батальёне, што немцы не талеравалi найменшага, хаця-б навет вуснага, супрацiву.
Пад час адступленьня зь Беларусi ўлетку 1944 году немцы загадалi ўсiм ротам батальёну, раськiнутым па розных кутках краiны, сабрацца каля Аўгустова. Гэтак яны й зрабiлi. Але тут адступаючых гiтлераўцаў заскочыла новая неспадзеўка. Камандзер аднае з ротаў старшы лейтанант Бандык, а таксама ягоныя афiцэры Iванiцкi, Мохарт i Дрозд, сабраўшы сваiх людзей, загадалi iм забраць з сабой лёгкую зброю, а з пакiнутай цяжкой павыкiдаць замкi. Цэлая рота пайшла ў лес. Назаўтра ад Бандыка зь лесу адыйшлi, раздумаўшыся, два лейтананты Мохарт са Слуцку й Дрозд з Баранавiчаў.
