Дарма, што немцы бачылi ў СБМ рэзэрвуар, зь якога старалiся чэрпаць нявольнiкаў для працы ў Нямеччыне. Нацыянальнае ўзгадаваньне юнакоў i юначак прынесла свае плёны - вытварылася традыцыя масавага руху моладзi, салiдарнасьцi, адданасьцi паняволенай Бацькаўшчыне. Колiшнiя сябры й сяброўкi Саюзу Беларускае Моладзi пасьля апынулiся ў народнай антыбальшавiцкай партызанцы, а iншыя, ужо на эмiграцыi, узялiся за працу ў шэрагах беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЬЦЁ, ВЫДАВЕЦТВА, ПРЭСА

Найбольш пiльна сачылi гiтлераўскiя акупанты за беларускай прэсай i праявамi культурнага жыцьця. У Генэральным Камiсарыяце Беларусi ня было нiводнай штодзённай беларускай газэты, акрамя пары паўтыднёвых. Нямецкiх-жа штодзённых газэт было некалькi. Беларускiя газэты вельмi скупыя былi зьместам i абыймом, нерэгулярна й спозьнена кальпартавалiся на правiнцыях. Увесь матар'ял падлягаў пiльнай цэнзуры. Iз кнiжак нiчога не выдавалася. У школах не хапала падручнiкаў, у бiблiятэках - твораў беларускае нацыянальнае лiтаратуры.

Падобна выглядала й сытуацыя на тэатральнай нiве. Калi дзе што ўдалося беларусам зрабiць у галiнах прэсы, тэатру цi выдавецтва, дык толькi дзякуючы бязьмежнай ахвярнасьцi поўгалодных i вечна сочаных ворганамi цэнзуры й бясьпекi культурных працаўнiкоў, якiм даводзiлася ледзь ня фiзычна вырываць iз зубоў акупанта сродкi на iснаваньне й працу.

ГIТЛЕРАЎСКАЯ ПАЛIТЫКА ВЫНIШЧЭНЬНЯ Й ДАПАМОЖНЫЯ АКУПАНТЫ БЕЛАРУСI

Гiтлер распачаў вайну дзеля здабыцьця "лебэнсраўму" (Lebensraum (ням.) жыцьцёвая прастора). Пасьля акупацыi Беларусi ён пачаў ня толькi безаглядную эканамiчную эксплуатацыю земляў i прыродных багацьцяў яе, але праводзiў рэгулярнае й сыстэматычнае вынiшчэньне карэннага насельнiцтва.

Дарма, што рознае масьцi прыблуды-акупанты вечна зьнiшчалi беларусаў ды не дазвалялi iм нармальна жыць, Беларусь заўсёды была густа заселенай.



5 из 590