
Паколькi бальшавiкi прымусам заганялi беларусаў у партызанку, немцы каралi "вiнаватых", г. зн. вёскi й сёлы, куды заходзiлi й адкуль прымусова вэрбавалi людзей бальшавiцкiя агенты. Гэта былi найчасьцей селiшчы ў ваколiцах лясоў. Нямецкiя рэпрэсii нявiннага сельскага насельнiцтва выклiкалi помсту з боку чырвоных партызанаў, i такiм чынам была пачатая ланцуговая рэакцыя. У вынiку адны й другiя забойцы-акупанты заставалiся амаль цэлымi, а няскончаныя пажары папялiлi беларускiя вёскi, й агонь жыўцом зьядаў бездапаможныя ахвяры.
Гiтлераўцы ўважалi, што навет гэткiм спосабам ня здолеюць дастаткова разрэдзiць насельнiцтва Беларусi. Для прыспяшэньня працэсу паклiкалi тады даўно дый ня толькi iмi выпрабаванае й найбольш эфэктоўнае - мiжнацыянальную грызьню, траўлю i ўзаемнае вынiшчэньне. Але й тут ахвяра ў васноўным была тая-ж самая - беларусы.
Перад тым, пакуль разгледзiм, як палякi, расейцы й iншыя выдатна памагалi гiтлераўцам у вынiшчэньнi беларускага народу, варта спытацца: чаму-ж беларусы апынулiся на самых нiзох, хоць i жылi на сваiх землях, чаму найбольш пацярпелi? Прычыны ў васноўным былi тры: сьцiплая колькасьць беларускага нацыянальна-сьведамага кiраўнiчага элемэнту, што змог-бы паказаць народу дарогу й заступiцца за ягоныя правы; адсутнасьць у часе прыходу гiтлераўскiх акупантаў беларускiх арганiзацыяў, якiя-б дзеялi сьведама й плянава з мэтамi народнага самазахаваньня; ды - i гэта, здаецца, самае найважнейшае нясьведамасьць нямецкiх нiзоў у пытаньнях Беларусi й ейнага народа.
