Другой групай трэба лiчыць, калi iх можна так назваць, "бабскiя брыгады". Гэта былi служанкi, кухаркi, перакладчыцы, працаўнiцы ва ўрадах пры нямецкай палiцыi й акруговых цывiльных нямецкiх установах. Той, хто быў у гэным часе ў Заходняй Беларусi, сачыў ды ўмеў спасьцерагаць, лёгка зможа прыгадаць знаёмы тып польскае паненкi. Тып гэты, акрамя выкананьня дзьвёх працаў - служанкi, кухаркi цi працаўнiцы бюра ўдзень i прастытуткi ўночы, найбольш пiльную ўвагу прысьвячаў трэцяй: лiквiдацыi беларусаў. Трымаючы ў абдымках нейкую гiтлераўскую большую цi меншую "шышку", зусiм няцяжка было шаптаць у ейныя вушы iмёны эвэнтуальных ахвяраў - "камунiстых", цi кармiць яе адлаведнымi "iдэямi".

Выглядала, што дзейнасьць першае й другое групы была ня прыпадковай. Прыгледзеўшыся блiжэй, можна было збольшага заўважыць арганiзаванасьць, мэтазгоднасьць ды навет i пэўную плянавасьць. Калi ўжо пазьней беларусы, змабiлiзаваўшы сiлы, маглi часьценька пахвалiцца поспехамi ў ачышчэньнi дапаможнае чорнае палiцыi ад здраднiцкага польскага элемэнту, то змаганьне з "бабскiмi брыгадамi" было куды цяжэйшае...

Трэйцяя група палякаў, што дзейнiчала арганiзавана, гэта былi гэтак званыя легiёны, цi, калi ўжыць iхны-ж афiцыяльны назоў, Армiя Краёвая. У асноўным група гэтая "апэравала" ў Лiдчыне й Наваградчыне. У гэту так званую "армiю" плылi польскiя паны й падпанкi, дробная спалянiзаваная шляхта, што заўсёды была гнiлым-загноеным балючым струпом на целе беларускага сялянскага народа, дый вырадкi-рэнэгаты, не ўспамiнаючы ўжо аб ладнай колькасьцi звычайнае басоты, карыстаючай з нагоды, каб рабаваць i забiваць нявiнных.

Намiнальна гэта "армiя" была пад загадамi экзыльнага польскага ўраду ў Лёндане, фактычна-ж даводзiцца сумлявацца, што ўсё тое, што яна рабiла, было згоднае зь лёнданскiмi дырэктывамi. Палякi гэтыя выявiлi надта-ж мала iнiцыятывы, вынаходлiвасьцi й адвагi ў змаганьнi зь немцамi, затое-ж аж залiшне пiльнымi былi ў тэрарызаваньнi мясцовага непрыхiльнага беларускага насельнiцтва.



8 из 590