
Варожыя беларусам элемэнты, што рэкрутавалiся перадусiм з расейцаў i палякаў, уводзiлi акупанту ў вушы, што кажны беларус - гэта камунiсты. У гэтым, вядома-ж, большая заслуга належыцьца палякам, чымся расейцам, з тэй простай прычыны, што апошнiя самi ў найбольшай меры так цi iнакш былi ў Беларусi заўсёды апораю Масквы, белай цi чырвонай. Гэтага нельга сказаць адносна палякаў, што выдатна выкарыстоўвалi гэткi козыр. У шматлiкiх немцаў-акупантаў беларус i стаўся сынонiмам камунiстага, а значыцца й кандыдатам на вiсельню цi на расстрэл.
Варта па чарзе й больш дакладна прыгледзiцца, як палякi, расейцы й iншыя чужнiкi ў Беларусi сталiся зьненавiджанай чумой за iхнае супрацоўнiцтва зь гiтлераўскiм акупантам i заслугi перад iм.
ПAЛЯКI
Пасьля акупацыi Гiтлерам большае часткi Эўропы ў 1940 г., калi выявiлася, што лiдары некаторых гаспадарстваў, як, прыкладам, Нарвегii цi Вугоршчыны, здрадзiўшы свае народы, аддалi ўладу немцам i пайшлi зь iмi на супрацоўнiцтва, палякi ўдома й на эмiграцыi голасна хвалiлiся, што яны ёсьць адзiным "народам бяз Квiслiнга". Паколькi некаторых здраднiкаў польскага народу зь верхавiны перадваеннае адмiнiстрацыi i нельга было лiчыць гiтлераўскiмi калябарантамi, усё-ж беларусы, якiм у часе гiтлераўскае акупацыi давялося шмат выцерпець ад малых польскiх "квiслiнгаў" (гаворым аб тых, што захавалi жыцьцё), маглi-б назваць няскончаны лiк iмёнаў польскiх выслужнiкаў "фюрэра".
Першай групай зьяўлялiся тыя, што масава паплылi ў дапаможную, папулярна званую чорнай, палiцыю. Атрымаўшы зброю ў рукi, яны цi не найбольшую ўвагу прысьвячалi вынiшчэньню беларускае нацыянальнае iнтэлiгенцыi й шырокiх масаў беларусаў наагул. Гэта асаблiва яскрава выявiлася ў самым пачатку гiтлераўскае акупацыi, калi беларусы былi здэзарганiзаванымi й толькi што пачыналi мабiлiзаваць сiлы для барацьбы за асабiстае й нацыянальнае iснаваньне.
