
В. Гапееў
Ведзьміна тоня
…Калі выйсці за вёску і збочыць з пыльнай дарогі ўправа, па сцяжынцы, якую пратапталі рыбакі, прайсці з паўкіламетра полем, між радкамі калгасных буракоў, патрапіш на старую канаву. Вада ў ёй бывае тут толькі вясной і надта дажджлівым летам. Берагі канавы сталі пакатымі, зараслі месцамі густым вербалозам, па які стары, няспешлівы дзед Васіль прыходзіць кожную вясну – нарыхтаваць “матэрыялу” на новыя кошыкі.
Дзед носіць пруткі вербалозу роўнымі снапкамі мо цэлы тыдзень, а потым надвячоркам у сваім двары пляце кошыкі. Кошыкі ў дзеда Васіля атрымліваюцца лёгкія, зручныя. Пляце вялікія, як мужчыне падняць, калі поўныя бульбы, і сярэднія – якраз для жанчын і бабуль. І зусім невялічкія –на розныя там патрэбы. Бяруць кошыкі ў дзеда ахвотна. Плату за іх ён вызначыў даўно: прынясеш восенню столькі бульбы, колькі ў той кошык умесціцца. З гэтым усе згаджаюцца, і як пачынаецца копка бульбы, у двары дзеда Васіля хутка вырастае ладная куча – нясуць бульбу, насыпаную з верхам.
Дык вось, па гэтай самай канаве трэба ісці ўніз, да чарнеючага наперадзе алешніка. Хутка ў канаве з’явіцца вада, спачатку невялікімі праплешынамі, а потым і цячэнне ручая пахіліць траву ў адзін бок.
Пачнецца змрочны алешнік. Тут толькі адной сцяжынкай і прайсці, бо падлесак густы, поўны рознага ламачча. Вольхі растуць па тры-чатыры дрэвы з аднаго кораня, які стаіць бы на злепленым некім спецыяльна стромкім стажку збітай чорнай зямлі. Пад нагамі хутка пачынае чвякаць, а яшчэ далей ногі ўжо грузнуць у чорнай кашы. Цяпер ісці трэба па кладках. Кладкі – гэта ссечаныя вольхі, якія валілі так, каб вяршынямі яны падалі да суседняга чорнага стажка з кучай дрэў. Не дужа зручна, асабліва, калі не захапіў з сабой шасток, але ісці так вось, па ствалах (дзе ўжо і спарахнелых), усяго хвілін пятнаццаць. Выходзіш – і першы востраў. Так завуць гэты велікаваты ўзгорак, парослы вясёлымі бярозкамі. Ёсць у вострава і асабістае імя – Заікін. Чаму Заікін – невядома. І справа, і злева востраў абкружаны тым жа тужлівым сырым алешнікам.
