А спераду – Ведзьміна тоня. Чорнае люстэрка свабоднай вады, на выгляд неверагодна халоднай нават у спякотны дзень. Калі залезці на якую алешыну, дык зверху Ведзьміна тоня выглядае раўнюткім кругам, а вада ў ёй – яшчэ чарней. Вядома ж, торф на дне. Хоць што там, на дне – ніхто не ведае, бо купацца тут не будзеш: адсюль, з вострава, бераг злёгку абрывісты, скочыш – вада па калені, але потым пачынае імкліва засмоктваць ногі. Пяць хвілін прастаіш – і ўжо па пояс схаваешся. Не хопішся за што – не вылезеш. Некалі прыезджыя гарадскія спрабавалі з лодкі ставіць на Ведзьмінай тоні сеткі. То раніцай не змаглі ні адну выцягнуць – гэтулькі карчагаў на дне. А яшчэ раней, расказваюць, невядомы рыбак на маленькай гумавай лодцы плаваў па тоні некалькі дзён – ад вострава да вострава. Ні з кім не размаўляў, твар ад людзей хаваў. Адкуль ён і хто – не ведалі. Некалькі дзён бясшумна яго лодка слізгала па чорнай вадзе. А аднойчы ён не паказаўся. Толькі лодку гумавую, пустую, без вёслаў прыбіла бліжэй к зіме да Заікінага вострава. А сам рыбак згінуў. Вось з той пары ён часам паказваецца тым рыбакам, што на лодках спрабуюць па тоні плаваць. Просіцца ў лодку – моўчкі з вады цягне рукі…

Дзед Васіль, які сам любіў некалі прыйсці сюды з вудай, расказвае, што стаяў тут раней лес, а сярод гэтага лесу быў хутар. Жыла ў ім жанчына, вядзьмарка. І гэтак яна многа шкоды нарабіла людзям, што Бог не стрываў, і ў адну ноч праваліўся гэты кавалак лесу пад зямлю. Вось верхавіны дрэў з-пад вады і чапляюцца за сеткі ды за плаўцоў. А сама вядзьмарка і цяпер уладарыць у Ведзьмінай тоні і вакол яе, хаваецца на астравах. Дзеду можна верыць – ён ніколі не схлусіў. Адно зразумела добра: у гэтай тоні толькі ведзьмакам і цягаць нерат.

Астравоў, кшталту Заікінага, вакол Ведзьмінай тоні многа – ажно пяць, але не да кожнага дойдзеш. Кладкі ёсць, ды, ужо даўно пакладзеныя, яны схаваліся ў тарфяной кашы, і трэба дакладна ведаць сцяжынку.



2 из 203