
Нэла хапілася аберуч за падол сваёй сукенкі і ўмомант аказалася... голай. Чырвань сораму на імгненне апаліла Сяргею твар, але ў наступны момант ён успыхнуў абурэннем:
– Ты чаму без трусікаў ходзіш? Ты – дзяўчынка, табе пяць гадоў ужо. Сорамна павінна быць!
Нэла глядзела на яго са знаёмай вінаватасцю ў вачах. Яна разгублена развяла рукі ў бакі.
– Няма трусікаў?
Нэла кіўнула.
– Цьфу!
Настрой у Сяргея сапсаваўся. Але калі Нэла апранула блакітную сукенку, ён забыўся на нядаўнюю прыкрасць.
– Вось, ты ў мяне прыгажуня! Але не вымазвай толькі нідзе. Больш у мяне няма. Добра, што гэта далі.
І добра, што ён, Сяргей, звярнуўся да сваёй выхавальніцы. Яна, хоць і маладая зусім, сваіх дзяцей яшчэ не мае, а добра ўсё зразумела. І з той вялізнай кучы адзення (гуманітарнай дапамогі аднекуль з Германіі) Сяргею дасталіся добра ўжо пацёртыя джынсы ды вось гэтыя куртачка і сукенка.
– А цяпер будзем есці!
У цэлафанавым пакеце, які яму збірала ў інтэрнаце выхавацелька, былі два адвараныя яйкі, добры кавалак парэзанай вэнджанай каўбасы, некалькі агуркоў і памідораў. А яшчэ дзве пачкі пячэння, бляшанка згушчонага малака, хлеб і літровая бутэлька “Колы”.
Нэла пляскала ў ладкі, вочкі яе гарэлі, але яна ні да чаго не працягнула руку, пакуль сам Сяргей не палупіў і не даў ёй яйка.
– Еш! Ды не спяшайся! Ніхто не адбярэ, – знарок грубавата прыкрыкнуў на дзяўчынку.
Нэла мо і хацела есці не спяшаючыся, але яйка знікла вельмі хутка. Другое яна ела ўжо павольней. І ўжо зусім заспакоена, ласуючыся, маленечкімі кавалачкамі адкусвала каўбасу і хлеб.
Сяргей сам ад ранку нічога не еў. Але адзін агурок з кавалкам хлеба нечакана насыцілі яго. Ён глядзеў, як есць Нэла, і адчуваў, што ў ім нешта мяняецца. Нешта прападае. Такое, без чаго ён сябе ўжо і не ўяўляў – знікала пачуццё голаду. Упершыню за ўсё сваё жыццё ён толькі вось цяпер, у гэтым садку, седзячы перад сваёй пяцігадовай сястрычкай, адчуў, што яму не хочацца есці. Ніколі не было такога, каб Сяргей мог адмовіцца ад таго ж пячэння ці ад каўбасы. Разбудзі сярод ночы, прапануй што-небудзь – з’есць. А тут, у садку, нават згушчонае малако не будзіць страўнік.
