
Але як наладзіцца – Сяргей не ведаў. Ён насуперак пачутаму на прыпынку ад бабулек адкрываў веснічкі свайго двара з кволай надзеяй, што маці стала другой. Але аднаго яго позірку хапіла, каб зразумець: нічога не змянілася.
Двор быў засмечаны, парослы крапівой і быльнікам уздоўж плоту. Певень і дзве курыцы грабліся ў кучы смецця пад сенцамі. Гара тапорніку – двухмятровых тонкіх сасновых калкоў на дровы грувасцілася пасярод двара, і трава паспела ўжо аплесці асобныя палкі ўнізе.
Не хацелася ісці ў хату. Сяргей прадчуваў, што там – смурод і бруд, засмечаная падлога, нявыцерты стол, незасланыя ложкі без бялізны. Так было і мінулым летам...
– Ну, хопіць табе лашчыцца, – Сяргей лёгка адхіліў ад сябе Нэлу. – Пайшлі ў садок, пад вішню. Я табе нештачка прывёз, – па-змоўніцку шапнуў ён на вуха дзяўчынцы.
Нэла ў захапленні пляснула ў далоні, схапіла Сяргея за руку, пацягнула.
Прыселі ў цяні вішняў. Сяргей паволі развязаў рукзак, знарок доўга корпаўся там рукой і нарэшце стаў павольна цягнуць нешта бліскучае, чырвона-жоўтае.
– Што гэта?
Нэла паціснула смешна плячыма, і тварык яе адно свяціўся захапленнем.
– Трымай!
Сяргей адным рухам раскінуў у паветры выцягнутае і накрыў ім дзяўчынку.
– Гэта куртачка табе. Ану, памераем!
Куртачка была занадта вялікая.
– Нічога, за тры месяцы ты вунь як выцягнешся, якраз будзе, – заспакоіў крышку спахмурнелую Нэлу Сяргей, зноў бы чараўнік палез рукой у рукзак.
– Оп ля! Сукенка! Гэта якраз на цябе. Скідай свае анучы!
