
І адразу заўважыў постаць, якая нахілілася над Нэлай.
Ён пазнаў яе – маці. Хоць стаяла яна спінай, у невыразнай, раней ім не бачанай сукенцы.
Яна ела. Гэта было відаць па руху галавы і рук.
Яна азірнулася на крокі Сяргея так, як азіраецца знянацку аклікнуты сабака: гатовы і ўкусіць, і лашчыцца, у залежнасці ад таго, хто яго аклікнуў. І гэты жывёльны выраз на твары маці даканаў яго: ён спадзяваўся да апошняй хвіліны, да імгнення апошняга, што ўсё будзе не так і што ночвы ў сенцах і хата непрыбраная – то ад бяды якой, ад хваробы, але не ад гарэлкі.
Аказался – з-за гарэлкі, бо маці відавочна была нецвярозая.
– Сыночак прыехаў, – працягнула яна. Рот, у вугалках якога прыліплі крошкі пячэння, скрывіўся ва ўсмешцы. – Ой, як ты выцягнуўся…
І яна працягнула рукі наперад, мабыць, збіраючыся абняць сына.
Сяргей спыніўся.
Відаць, незалежна ад яго жадання на яго твары адбіліся ўсе яго пачуцці, і гэта пабачыла маці, пабачыла – і зразумела. Бо апусціла рукі і вінавата загаварыла:
– А я во крышку выпіла, самую крышку, бо так галава на сонцы баліць… Буракі палоць паслалі, а галава баліць, нельга мне на сонцы, то я трошкі выпіла…
Яна павярнулася да Нэлы:
– От, цяпер за табой брацік глядзець будзе, а то мне некалі, работа етая рукі адарвала, буракі праклятыя… А брацік у цябе харошы, от якую табе куртачку прывёз…
Маці нахілілася да рукзака, узяла ў рукі куртку.
– Ах, шкада, што завялікая, ах, шкада… Нічога, я ведаю, дзе памяняць, я ў магазіне памяняю, куртка ж новая, – яна азірнулася на Сяргея, і той адвярнуўся, каб не сустракацца з няшчырым позіркам выцвілых, быццам пакрытых нейкай плеўкай, вачэй.
– То я пайду вам прыбяру месца, дзе спаць. І куртачку прыхаваю, а то ж украдуць куртачку, гэтулькі свалачэй ходзіць… – замітусілася маці.
– Не трэба, мы будзем тут спаць, – цвёрда і холадна сказаў Сяргей. І, каб маці не перапытвала, спытаў: – Ты таго зэка так і не выгнала?
