
– А сыночак, а як жа без мужчыны ў вёсцы? Гаспадарка…
– Якая ў цябе гаспадарка? Куры? Які з яго гаспадар? Дровы ў траву паўрасталі…
– Дык у яго ж рукі балелі… Плячо выцяў у лесе, як грузілі, то во не можа ўзмахнуць сякерай… Прыбярэ, пасячэ… І ты во паможаш…
Сяргей нічога не адказаў, падышоў да Нэлы, апусціўся на кукішкі, стаў збіраць рэчы ў рукзак.
Маці камячыла куртку ў руках і неяк адразу, быццам успомніўшы нешта надта важнае, заспяшалася:
– От, пайду, бегчы трэба, есці наварыць… Нэлька, слухай брата! Заб’ю, як будзеш уцякаць з надворка! – з пагрозай закончыла яна і паспяшалася ў хату, несучы пад пахай куртку.
Частка 3
Месца пад будан Сяргей выбраў пад купкай вішняў. Сякеру знайшоў, глыбока загнаную ў калодку. Яна ўжо паспела месцамі пакрыцца рудымі плямамі.
“Работнічак”, – злосна падумаў пра прымака, б’ючы па тапарышчу, выганяючы сякеру.
З кучы старога голля – яшчэ ў мінулым годзе ён паабрэзваў сухое сучча з яблынь – выбраць добрых шэсць калкоў не змог. Тады падаўся ў дальні кут сада – там густа раслі слівы-самасейкі. Кожную восень зямля пад імі ўсцілалася дробнымі сіне-чорнымі ягадамі. Іх ніхто не збіраў – несмач, дробныя, ды яшчэ каб сабраць, трэба было добра палазіць у гушчары, рызыкуючы не толькі рукі падрапаць, але і вочы павыколваць. Слівы раслі густа, таму ствалы дрэўцаў цягнуліся вышэй да сонца, былі гонкімі.
Тое, што трэба, Сяргей выглядзеў хутка. Цяжэй было секчы, бо вакол кожнага больш-менш тоўстага ствала густа перлі ўверх маладыя парасткі. Ды і сякерай не размахнуцца як след. Ссек першую сліву, выцягнуў з гушчару пад вішні.
– Во, Нэла, мы сабе дом будаваць будзем! – радасна, са змоўніцкімі ноткамі ў голасе сказаў ён.
Нэла, шырока раскрыўшы і так вялікія свае вачаняты, неадрыўна глядзела на брата.
– Не, ты сядзі, – папярэдзіў Сяргей яе жаданне падысці. – Потым табе работа будзе.
