Нэла засталася сядзець.

Высек яшчэ дзве сліўкі – якраз на шэсць калкоў. Потым абсекваў па даўжыні, шукаў скрутак іржавага дроту, які, помніў з мінулага года, павінен быў быць недзе на двары.

– А цяпер дапамагай! – гукнуў ён Нэлу, узяўшы ў рукі два калкі. – Трымаць будзеш.

Нэла радасна падхапілася, тут жа абшчаперыла адзін калок.

– Не спяшайся , не спяшайся, – Сяргей разважліва прыпыніў сястру.

Раптам бліснула ў свядомасці: вось некалі яны з бацькам разам маглі б будаваць будан...

Увагнаў крыху ў зямлю адзін калок, Нэла яго прытрымала. Увагнаў другі, злучыў уверсе канцы, звязаў-скруціў дротам.

– О, пачатак ёсць!

Нэла з захапленнем глядзела на гэтыя калкі і раптам хутка падлезла пад адзін, не адпускаючы яго – быццам зайшла ўжо ў будан.

– Гы-гы-гы! – вырвалася з яе грудзей радаснае.

Сяргей уздрыгнуў. Гэта былі першыя гукі, якія ён пачуў ад Нэлы. Добра, што пачуў ён смех…

Яшчэ дзве пары калкоў звязаных паставілі, потым злучылі папярэчынамі (з той гары тапорніку на двары выбралі лепшае), потым голле меншае пакідалі. Нэла і трымала, і падавала, і цягнула галіны са шчаслівым, ззяючым тварыкам.

– Вось, цяпер пойдзем па сена. Накрыем-пасцелем – будзе нам хата!

У хляве, у куце, ляжалі рэшткі сена. Карову маці даўно не трымала.

Вілы стаялі побач – старыя, з адпаліраваным рукамі дзяржаннем, з тонкімі, кароткімі і вострымі ад доўгай работы зубамі. Сена ўзялося акуратным пластом, Сяргей пацягнуў, узнялося воблака пылу, шыбануў пах старой цвілі, у якім ледзь улоўным быў і тонкі водар сапраўднага сена. Сяргей пацягнуў пласт па двары. Нэла ўхапіла з кучы шматок сена, несла, прыціскаючы аберуч да грудзей. Сяргей стаў абкладваць будан сенам, Нэла зноў пабегла ў хлеў.

Праца захапіла – было прыемна бачыць, як на пустым месцы акрэсліваецца іх будучае месца для начлегу – будан. “Тут нас ніхто не патурбуе,” – думаў Сяргей, падсвядома разумеючы, што “ніхто” – гэта п’яная маці, прымак, яго сябрукі-сабутэльнікі. Яшчэ ў мінулым годзе ён хацеў зрабіць вось такі будан, каб не чуць па вечарах і начах п’янага вэрхалу, брудных мацюкоў, злога крыку. “Няхай хоць падушацца цяпер...”



14 из 203