– Гэта калі шчэ не напілася. Бачыла я…

– А бо!.. Выцягнуўся як. Гэ, вочы зіркаюць зладзеяватыя.

– От, мала ліха ў вёсцы.

– Гэта на ўсё лета! А хада, дзівіся, якая! Ну, бандыт бандытам.

– Дзетдом добраму не навучыць. Тама ўсе такія. Во мая Галя расказвала...

Сяргей не чуў ужо, што там расказвала нейкая Галя гэтай старой. Ён толькі ў думках плюнуў, закінуў свой невялікі рукзак за адно плячо, пайшоў.

Калі табе чатырнаццаць і калі з гэтых чатырнаццаці палову – сем год – праводзіш у школе-інтэрнаце 10 месяцаў у годзе, ты навучышся не зважаць на едкія слоўцы. Ты, увогуле, многаму навучышся.

Навучышся хаваць крыўду і слёзы. Навучышся цярпець боль, пераносіць голад, не баяцца холаду.

Навучышся біцца – так, каб не абавязкова перамагчы, а толькі ўратаваць сябе ці сябра.

Навучышся ўцякаць, хавацца, маўчаць.

Многаму навучышся. Толькі шчыра смяяцца, смяяцца не з некага, смяяцца не злосна, а проста таму, што смешна, школа-інтэрнат не вучыць.

Сяргей добра засвойваў усе навукі, якія даваў яму гэты адасоблены свет няшчасных аднолькава, ды злых па-рознаму дзяцей-сіротаў.

Ён сам і яшчэ колькі яго аднагодкаў стаялі вышэй над іншымі – у іх было куды ехаць на лета. Сяргей не круглы сірата, у яго ёсць маці. Няхай і п’яніца. Але ёсць. Ёсць яшчэ дом. Хай і не прыбраны, хай няўтульны, затое – свой. Ёсць вялікі двор, ёсць агарод і садок з трыма старымі яблынямі і вішнямі.

А на бабулек ён не крыўдуе. Яно і праўда – у мінулыя гады Сяргей лазіў па чужых агародах, бы па сваім. А што? Гэтыя вясковыя ўсё маюць круглы год, чаму ён, Сяргей, павінен глытаць сліну, гледзячы на нічыю градку з клубніцамі? Хіба ён у чым вінаваты, што так і не ўбачыў свайго бацьку, што з першым яго крыкам на гэтым свеце пранёсся над вёскай і апошні крык бацькі, пад якім абламалася металічная прыступка воданапорнай вежы? Бацька застаўся б жывы, не надта высокая тая вежа, ды ляжалі ўнізе металічныя трубы, на якія і збіраліся мяняць старыя ў вежы… І хіба Сяргей вінаваты, што маці яго стала піць, як толькі ён пачаў хадзіць? Што вымушана была аддаць яго ў інтэрнат, бо за першы год у школе Сяргей так і не змог запомніць ні адной літары? Ён і размаўляў яшчэ слаба.



4 из 203