
Ноччу на Ведзьмінай тоні і без соў страшна. То так плясне нешта па вадзе – нізашто не падумаеш, што рыбіна. А то ў чароце пачне нешта валтузіцца, шамацець... Расказвалі, што, бывае, ходзіць нехта грузна апоўначы вакол вострава, напрасткі, не па кладках: плясь, плясь. І дыхае, уздыхае так цяжка... Калі і ад гэтага адмахнешся, то роспачны дзіцячы крык, поўны перадсмяротнай жудасці, прымусіць здрыгануцца. Пасля гэтага крыку, калі месячык зыркі, глядзі на тоню: убачыш лес на дне яе, верхавіны сосен, сядзібу і хатку. А сама вядзьмарка знак з Савінага вострава падасць – там пачнуць успыхваць блакітныя агні...
Таму вось жадаючых заначаваць на якім востраве ды закінуць вуду на самым золку нешта зусім не багата. Лепш крыху пазней прыйсці, чым сядзець на тым востраве ноччу і ўгаворваць сябе, што то ўсё ж карась па вадзе пляснуў, а ў чароце качка ладкуецца, што міма вострава прайшоў лось, а роспачна крычаў малады заяц, якога схапіла сава. Агні... Вось з агнямі складаней. Як дойдзеш да іх, казалі, знікаюць яны. Спачатку нібыта ўцякаюць ад цябе, бягуць, бягуць да вады і быццам скачуць у Ведзьміну тоню. Што за агні – ніхто не тлумачыць. Таму ўсё адно на любым з астравоў вакол Ведзьмінай тоні ноччу вусцішна.
Частка 1
Вёска сустрэла Сяргея хуткім “прыехаў” і ўзрушаным шэптам бабулек каля прыпынку аўтобуса:
– Дзівісь, дзівісь, то ж Зойчын прыехаў! А яна на полі сёння...
