– Нэла!

Дзяўчынка здрыганулася, быццам ззаду яе нечакана выцялі. Яна ўпала на каленкі і потым, нізка схіліўшы галаву, бы ваўчаня, насцярожана павярнулася.

– Гэта я, Нэла! Не пазнала? – падыходзіў, усміхаючыся, Сяргей.

Мурзаты твар дзяўчынкі зморшчыўся, яна прыжмурыла вочы. А потым усхапілася ў імкненні бегчы, ды раптоўна спынілася з вінаватай усмешкай на мурзатым тварыку.

– Ну, што ж ты мяне не сустракаеш?

Сяргей прысеў каля дзяўчынкі, прыцягнуў яе да сябе.

Нэла ўсё гэтак жа вінавата ўсміхалася, адхіснулася злёгку, і Сяргей пабачыў тонкую вяроўчыну, якая была прывязана да босай, рудой ад бруду нагі дзяўчынкі. Другі канец вяроўкі быў завязаны за грушу.

– Хто гэта цябе прывязаў?

Нэла маўчала.

– Ты не навучылася гаварыць?

Нэла зноў толькі вінавата ўсміхнулася.

– Маці?

Дзяўчынка адмоўна кіўнула, пасмачкі чорных валасоў гайдануліся па тварыку.

– Прымак? Ну, зараза, я яго сам прывяжу да грушы. На ўсю ноч!

Сяргей схапіў кавалак шкла, якім Нэла прыкрыла ямку з некалькімі каменьчыкамі (гэта яна рабіла “сакрэты”), пасадзіў дзяўчынку і праз хвіліну перацёр вяроўчыну.

– Ну, вось...

Сяргей агледзеўся. Каля грушы стаяла пластыкавая бутэлька з вадой, ляжалі высахлы на сонцы кавалак хлеба і тры звараныя з лупінамі бульбіны.

– Так, цяпер я цябе крыху памыю. Не будзеш уцякаць?

Нэла весела пакруціла галавой.

Яна некалі ў тры гады размаўляла добра, безупынна пытаючыся ў Сяргея пра ўсё, што бачылі яе зыркія вачаняты. І гукі ўсе вымаўляла правільна. А калі на наступнае лета Сяргей прыехаў, Нэла ўжо нічога не пыталася ў яго. Яна маўчала. Маці казала, што сама не ведае, ад чаго такая бяда. Ездзіла па ўрачах, вазіла некуды да бабулькі-знахаркі, і тая сказала, што гэта ад перапуду.

Магчыма, і ад перапуду. Спужацца Нэле было чаго – той зімой маці прывяла ў хату мужыка, крываногага, з доўгімі, да каленяў рукамі, што былі скрозь у сініх наколках. Ён прыбіўся ў вёску з райцэнтра, былы зэк, п’яніца і лайдак. Маленькія, глыбока пасаджаныя вочкі не спыняліся на адным месцы – бегалі, бегалі, быццам ён увесь час нешта шукаў.



7 из 203