
Той зімой брыдкія лаянкі і бойкі сталі ў Сяргеевай хаце звычайнай з’явай. Зоя, маці Сяргея, працавала на ферме даглядчыцай, рукі мела дужыя і саступаць прымаку не хацела. Зэк звычайна хапаў тое, што трапляла пад руку, і, зверавата выскаліўшыся, кідаўся на Зою.
Малая Нэла заходзілася ў крыку, але на яе толькі раз звярнулі ўвагу – прымак кінуў у кут, дзе яна сцялася, вялікую падушку ў шэрай, ліпкай ад поту і бруду навалачцы. І гэта падушка закрыла ўсю дзяўчынку, Нэла мала што не задыхнулася. Пасля гэтага выпадку, калі ў хаце ўспыхвала бойка, Нэла толькі ціхенька выла, забіўшыся пад ложак.
Калі прымак быў не надта п’яны, ён пачынаў выхоўваць Нэлу. Яго выхаванне больш нагадвала звычайную дрэсіроўку якога-небудзь звярка – ён біў дзяўчынку, калі тая не слухалася і даваў кавалачкі хлеба, калі яго каманды выконваліся.
Ён-такі ўзяў верх над маці Сяргея, тая скарылася, боек у хаце ўжо не было – было простае збіванне, калі прымаку нечага не хапала. Часцей яму не хапала гарэлкі.
Частка 2
Сяргей ліў на руку цёплую ваду з бутэлькі і мыў тварык Нэлы.
– Эх ты, мурза! Ты ж дзяўчынка, сорамна табе бруднай хадзіць. Так, цяпер я табе на рукі буду ліць, а ты сама іх памыеш. Вышэй, вышэй мый, да локцяў.
Нэла старанна цёрла свае рукі і заглядвала ў вочы хлопца позіркам, у якім адбівалася цэлая гама пачуццяў: і радасць, і вінаватасць ці то за брудныя рукі, ці то за тое, што не можа гаварыць, і яшчэ пытанне: “Ці добра я мыюся?”
А яшчэ Сяргей бачыў у вачанятах Нэлы абажанне. І ў нейкі момант ён зразумеў, з якой тугой чакала яна яго вяртання, у якое шчасце выліўся для дзяўчынкі яго прыезд, як ён патрэбен ёй.
