
Сярод наведвальнiкаў былi пакуль што дарослая пара, падлетак гадоў чатырнаццацi ў красоўках, якi прыйшоў, вiдаць, адзiн, ды яшчэ мужчына. Яны без усялякiх эмоцый глядзелi на Мiлдрэд у ванне, нiбыта лiчылi гэта нармальным, i Клайв даўно б качаўся, гледзячы на ўсё гэта, у прыпадках смеху, калi б не так шалёна калацiлася сэрца i не зацiскала дух ад трывожнага чакання. Не выклiкаў здзiўлення таксама i мужчына з тварам у сасiсках i кiслай капусце. Клайв крыху расчараваўся.
Зайшлi яшчэ двое - мужчына i жанчына.
I вось, нарэшце, перад дыярамай з Вудра Вiльсанам адбылася першая рэакцыя. Адна жанчына, прытулiўшыся да мужавага пляча, спытала:
- А што, калi падпiсвалi перамiр'е, каго-небудзь застрэлiлi?
- Не ведаю. Я так не думаю, - няўпэўнена адказаў мужчына.
Смех проста раздзiраў Клайва; ён крутануўся на абцасах, каб хоць неяк стрымацца, яго распiрала ад усведамлення таго, што толькi ён ведаў усё пра тое, што здарылася, i нiхто больш. Зразумела, за гэты час сапраўдная кроў набыла ржавы колер. Зялёнае прэс-пап'е было скрозь заляпана крывавымi плямамi, i кроў капала з краю стала.
Жанчына ў другiм канцы залы, там, дзе знаходзiлася Мiлдрэд, раптам закрычала.
Мужчына засмяяўся, але хутка асекся.
Адразу ж усё пачалося. Завiшчэла жанчына, адначасова пачуўся крык мужчыны:
- О, Божа, гэта ж на самай справе!
Клайв убачыў, як у дыяраму палез мужчына, каб агледзець труп, якi ляжаў тварам у талерцы з сасiскамi.
- Кроў сапраўдная! Гэта - мёртвы чалавек.
Другi мужчына - наведвальнiк - грымнуўся аб падлогу. Ён страцiў прытомнасць. У залу мiтуслiва прыбег бiлецёр.
- Што тут здарылася?
- Некалькi трупаў - сапраўдныя!
