
Клайв зняў швэдар з мужчынскай фiгуры ў дыяраме, што дэманстравала нейкую сцэну ў драўлянай хацiне. Прыйшлося перавярнуць фiгуру i сцягваць швэдар праз ногi, бо рукi нiяк не згiналiся, швэдар расцягнуўся ў гарлавiне, але iнакш зняць яго было проста немагчыма. Васковая фiгура засталася стаяць з аголенымi рукамi i жыватом, перадам кашулi аказаўся шматок тканiны, падобны на дзiцячы нагруднiк.
Клайв скруцiў у камяк куртку i прайшоўся з ёю па музеi, выцiраючы адбiткi пальцаў усюды, дзе, на яго думку, ён мог дакранацца рукамi. Ён патушыў святло, асцярожна прабраўся да чорнага хода, замкнуў дзверы, зачынiў iх на засаўку i ўжо збiраўся кiнуць ключы ў паштовую скрынку, але яе каля дзвярэй не аказалася, таму ён пакiнуў iх на прыступках. У сплеценай з дроту скрынцы пад смецце ён знайшоў некалькi газет, загарнуў у iх куртку i панёс яе далей, пакуль не знайшоў яшчэ адну скрынку, i схаваў пакунак, уцiснуўшы яго памiж цукерачных абгортак, бляшанак з-пад пiва i iншага смецця.
- Новы швэдар? - спытала мацi ў той вечар.
- Рычы падарыў - на шчасце.
Клайв настолькi стамiўся, што спаў як забiты, не маючы нават моцы пасмяяцца, успомнiўшы, як стары сядзiць на ўнiтазе ў прыбiральнi.
Ранiцай наступнага дня Клайв стаяў на другiм баку вулiцы насупраць музея, калi якраз перад паловай дзесятай з'явiўся бiлецёр. Да 9 гадзiн 35 хвiлiн у музей зайшлi толькi чатыры чалавекi, але Клайв больш не мог трываць, ён перайшоў вулiцу i купiў бiлет. Гэты раз бiлецёр выконваў таксама ролю кантралёра, звяртаючыся да наведвальнiкаў:
- Праходзьце, праходзьце. Нешта сёння ўсе позняцца.
Бiлецёр зайшоў усярэдзiну, уключыў спачатку адну частку асвятлення, потым пайшоў у другi канец будынка, каб паўключаць падсветку дыярам са шчыта ў калiдоры, у канцы якога якраз i быў пакой для пераапранання. I самае смешнае для Клайва, якi крочыў услед за iм, было тое, што бiлецёр не заўважыў нiчога незвычайнага, нават не звярнуў увагi на Мiлдрэд, якая сядзела ў ванне Марата ў капелюшы i палiто.
