
"...У вынiку таго, што ахвяры былi размешчаны вельмi дзiўным чынам замест васковых фiгур, якiя былi спецыяльна выняты са звыклых месцаў, палiцыя ў сваiх пошуках сыходзiць з думкi, што забойца быў псiхапат. Жыхароў навакольнага раёна папярэдзiлi па радыё i тэлебачаннi аб неабходнасцi прытрымлiвацца спецыяльных мер перасцярогi на вулiцах i замыкаць дзверы дамоў на замок".
Прачытаўшы гэта, Клайв рагатнуў. Псiхапат! Шкада, што ўсiм тром аўтарам бракавала ведання дэталяў гумару. Яны ж маглi напiсаць што-небудзь наконт старога на ўнiтазе. Альбо пра таго тыпа, што з патрушчанай патылiцай падпiсвае перамiр'е. У гэтым жа адразу быў вiдаць почырк генiя. Чаму ўсё гэта так недаацанiлi?
Дапiўшы пiва, Клайв выйшаў на тратуар. Было ўжо цёмна, i на вулiцы свяцiлi лiхтары. Ён з цiкавасцю прайшоўся па незнаёмым горадзе, зазiраючы ў вiтрыны крамаў. Але яму ўвесь час карцела зайсцi ў якую-небудзь закусачную, i ён зайшоў у першую, што трапiлася на яго шляху. Гэта быў чыгуначны вагон, перароблены з прэтэнзiяй на стыль "рэтра" ў нешта тыпу вагона-рэстарана.
Клайв замовiў бiфштэкс на булачцы i кубак кавы. Па суседству з iм сядзелi два мужчыны - на выгляд тыповыя жыхары Захаду ў сваiх каўбойскiх ботах i даволi зашмальцаваных капелюшах з шырокiмi палямi. "Можа, адзiн з iх шэрыф", падумаў Клайв. Але яны гутарылi, расцягваючы кожнае слова, наконт нейкiх надзелаў зямлi. Яны сядзелi, схiлiўшыся над сваiмi бiфштэксамi i кубкамi з кавай, так блiзка, што адзiн нават дакранаўся локцямi Клайва. Клайв перачытваў газеты, абапёршы iх аб скрынку з папяровымi сурвэткамi.
Аднаму мужчыну спатрэбiлася сурвэтка, i ён перарваў Клайву чытанне, але той усмiхнуўся i спытаў прыязна:
- Вы чыталi пра забойствы ў васковым музеi?
Чалавек, здавалася, спачатку не зразумеў пытання, а потым адказаў:
- Ага, бачыў загалоўкi.
