- Нехта забiў трох чалавек, што там працавалi. Зiрнiце.

У адной газеце была фатаграфiя, але яна не вельмi падабалася Клайву, бо трупы на ёй былi складзены ў рад. Яму больш спадабаўся б здымак Мiлдрэд у ванне.

- Так, - адгукнуўся жыхар Захаду, адсоўваючыся ад Клайва, нiбы той нечым яму не спадабаўся.

- Трупы былi размешчаны сярод экспанатаў. Як васковыя фiгуры. Тут пра гэта напiсана, вось толькi здымкаў няма, - працягваў Клайв.

- Вось як, - адгукнуўся жыхар Захаду i зноў пачаў есцi.

Клайва ахапiла пачуццё расчаравання i нават абражанасцi. Ён крыху пачырванеў i зноў утаропiўся ў газету. На самай справе, у ягонай душы закiпала злосць, ад якой сэрца пачало бiцца ўсё часцей, як гэта здаралася кожны раз, калi ён праходзiў каля "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО", хоць, на гэты раз, адчуванне было не зусiм прыемнае.

Клайв, аднак, прымусiў сябе ўсмiхнуцца i зноў звярнуўся да свайго суседа злева:

- Я завёў пра гэта гаворку, таму што гэта зрабiў я. Гэта справа маiх рук. - Ён ткнуў пальцам у фотаздымак з трупамi.

- Слухай, хлопча, - абыякавым тонам сказаў каўбой, - займiся ты сваiмi справамi. Дамовiлiся? Мы да цябе не чапляемся, дык i ты адчапiся ад нас. - Ён засмяяўся, глянуўшы на свайго суразмоўцу.

Той уважлiва глядзеў на Клайва, але адразу ж адвёў вочы, калi сустрэўся з iм позiркам. Атрымаўся двайны адпор, дастаткова моцны для Клайва. Ён дастаў з кiшэнi грошы i расплацiўся за недаедзеную вячэру даляравай паперкай. Пакiнуўшы рэшту, ён накiраваўся да аўтаматычных дзвярэй на выхадзе.

- Але, ведаеш, можа, хлопец не жартуе, - даляцеў да Клайва голас аднаго мужчыны.

- А я i не жартую! - сказаў, павярнуўшыся, Клайв i знiк у начы.

Ён пераначаваў у iнтэрнаце Хрысцiянскага саюза моладзi. На наступны дзень Клайв быў ужо напалову ўпэўнены, што яго затрымае першы ж патрульны палiцэйскi, але той прайшоў мiма. Ён пад'ехаў да другога мястэчка, што знаходзiлася ў напрамку яго горада. У той дзень у газетах не згадвалася яго прозвiшча i нiчога не пiсалася наконт таго, цi натрапiла палiцыя на якi-небудзь след. У другой кавярне вечарам таго ж дня адбылася аналагiчная размова памiж Клайвам i двума хлопцамi яго ўзросту. Яны не паверылi. "Дурнi", - адзначыў сам сабе Клайв, падумаўшы, аднак, што тыя маглi зрабiць выгляд, што не вераць. Цi гаварылi няшчыра.



16 из 18