
Уласна, толькi цяпер, згадаўшы пра "касьмiчны холад мэтакультуры", мы падыходзiм да той праблемы, дзеля якой i ствараўся гэты тэкст. Сфармулюем праблему наступным чынам: камунiкатыўна адкрытае грамадзтва iснуе як рэальная пагроза незавершаным у сваiм фармаваньнi нацыянальным культурам. Падкрэсьлiм: не асобныя фрагмэнты, функцыянаваньня грамадзтва камунiкацыяў, а яно само, цалкам, як падзея сучаснай цывiлiзацыi. Гэта i ёсьць найактуальная i найдраматычная праблема культуры.
Вiдавочна, што сёньня за найвыразны сымболь i атрыбут камунiкатыўна адкрытага грамадзтва выступае iнтэрнэт. Але iнтэрнэт - гэта пакуль толькi адна з найноўшых формаў зьмяншэньня дыстанцыi памiх чалавекам i падзеяй быцьця ва ўсiх верагоднамагчымых прасторах (улучна зь вiртуальнай). Распачыналася гэта з паравозу i чыгункi, а працягвалi сьцiскаць прастору - тэлеграф, аўтамабiль, тэлефон, самалёт, радыё, тэлевiзар, кампутар i шмат што яшчэ.
Праз усё гэта разам узятае прастора перастала разьядноўваць суб'екта з аб'ектамi падзеяў быцьця, яна зрабiлася тым, што яднае iх, яна сама ператварылася ў суцэльны сродак камунiкацыi, настолькi татальны, што нават таталiтарныя i дыктатарскiя сыстэмы ўжо ня могуць засьцерагчыся ад гэтай татальнасьцi шчыльна закрытымi межамi.
Адным словам, жадае таго грамадзтва цi не, але яно робiцца празрыстым для iнфармацыйнага i ўвогуле камунiкатыўнага нашэсьця з усiх чатырох бакоў сьвету. Што з гэтага мае непасрэдна культура i як гэтая рашучая транфармацыя зносiнаў памiж суб'ектам i аб'ектам падзеi ўплывае на працэсы культурнай iдэнтыфiкацыi? Папярэдзiм адказ на гэтае пытаньне яшчэ адным, на першы погляд, бадай, нават недарэчным запытам: чаму ў клясычныя эпохi ангелец карыстаўся пераважна знакамi i атрыбутамi ангельскай культуры, паляк - польскай, француз францускай i г.д. Натуральна, найперш таму, што яны свае, родныя, звыклыя, што менавiта яны выразьнiлi з чалавека ўвогуле - ангельца, француза, паляка i г.д. Але не ў меншай меры яшчэ i таму, што гэтыя знакi i атрыбуты культуры былi блiжэй да яго, побач, што за iмi ня трэба было некуды хадзiць, недзе iх адшукваць.
