
Камунiкатыўна адкрытае грамадзтва кардынальна мяняе сытуацыю. Знакi i атрыбуты iншых культураў апынаюцца ля чалавека гэтаксама блiзка, як знакi i атрыбуты - уласнай. (На экране тэлевiзара Мiрскi замак, Эйфэлева вежа i пiрамiда Хеопсу знаходзяцца на адной адлегласьцi ад гледача.) А гэта азначае, што зьнiкае, цi становiцца амаль незаўважнай розьнiца памiж роднай i чужой культурамi. Бо што яшчэ, як не дыстанцыя, рабiла блiзкую культуру роднай, а аддаленую - чужой? I калi з маленства, зь першых цацак i тэлеперадачаў, з першых убораў i кампутарных гульняў, i потым праз усё жыцьцё на адной адлегласьцi да чалавека будуць прысутнiчаць знакi i атрыбуты розных культураў, дзе родная будзе толькi адной з мноства, то зь якой культураю (не фармальна, а па сутнасьцi) будзе iдэнтыфiкаваць сябе такi чалавек i якая культура зможа зыдэнтыфiкаваць сябе з гэтым цалкам постмадэрновым чалавекам?
Раней, у эпоху татальнай вайны культураў, схема прылучэньня чалавека да той цi iншай культуры была гранiчна простай. Культура-пераможца самаўладна далучала носьбiтаў пераможанай да свайго iдэалягемнага поля, i празь нейкi час апошнiя пачыналi iдэнтыфiкаваць сябе менавiта зь ёй. Аднак у прынцыпе гэта нiчога не зьмяняла, адна культура станавiлася на месца другой - i толькi. I нават калi перамога была няпоўнай (цi няпоўнай была параза), заўсёды адна зь дзьвюх цi некалькi культураў заставалася дамiнуючай i была рэальнай, а не фармальнай падставай для культурнай iдэнтыфiкацыi.
Кардынальна адрозная сытуацыя пачынае складвацца цяпер, калi анулюецца дыстанцыя памiж роднай i iншымi культурамi. На жаль, многiя ўсё яшчэ працягваюць праецыраваць традыцыйную схему зь лiнейнай сытуацыi вайны культураў на нелiнейную сытуацыю камунiкатыўна адкрытага грамадзтва, i адпаведна той, ужо выпрацаванай i зусiм неэфэктыўнай у новых варунках схеме, спрабуюць абараняць свае культуры.
