
Бо нават калi мы бязьмежна перабольшваем тую радыкальную навiзну культурнай сытуацыi, якую нясе з сабою камунiкатыўна адкрытае гармадзтва, то ўсё роўна ня зможам зусiм адмаўляць, што многiя тут згаданыя працэсы (натуральна, невымерна больш iх засталося за кантэкстам гаворкi) маюць месца ўжо цяпер i, вiдавочна, будуць iнтэнсыўна разгортвацца ў недалёкай будучынi. А гэта азначае, што да звыклай вайны культураў дадаецца яшчэ адзiн актыўны i пагрозьлiвы для кожнай культуры дзейнiк - татальная камунiкацыя. Яна небясьпечная для ўсiх.культураў, але гэтая небясьпека не для ўсiх аднолькавая. Для тых культураў (напрыклад, iталiйскай, нямецкай), якiя даўно i цалкам сфармавалiся, трывала ўгрунтавалiся ў сацыяльныя iнстытуты, iндывiдуальную мэнтальнасьць, штодзённы побыт - гэта толькi магчымая небясьпека, пакудь больш гiпатэтычная, чым рэальная. А вось для тых культураў (найперш маю на ўвазе беларускую), працэс фармаваньня якiх яшчэ не завершаны, у якiх ледзьве хапае сiлаў трымаць апошнiя межы абароны ў вайне з больш магутнымi культурамi, гэты нечаканы вораг за сьпiною робiцца ўжо сёньня рэальнай i звышнебясьпечнай пагрозай.
На вялiкi жаль, у нас на гэтую небясьпеку амаль не зьвяртаюць увагi, мы па-ранейшаму скiраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога - на вайну з культурай Захаду). Мiж тым, на маю думку, сытуацыя камунiкатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робiцца цi не найбольш драматычнай праблемай, якая ставiць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай iдэнтыфiкацыi. А значыць, i саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.