Да таго ж электронныя сродкi iнфармацыi, якiя робяцца дамiнуючымi ў транспартацыi знакаў культуры, падчас працэсу транспартацыi кастрыруюць культурны знак (такая iх тэхналягiчная прырода), гэта значыць вымыкаюць зь яго iдэнтыфiкат (такая iх сацыяльная задача), бо толькi пазбавiўшы iдэнтыфiкату, можна прыстасаваць культурны знак да патрэбаў масавага спажыўца. Таму мне падаюцца няўзважанымi турботы тых, хто непакоiцца, што ўладальнiкi асноўных камунiкатыўных сродкаў (i ў прыватнасьцi iнтэрнэту), будуць праз сваю ўладу экспансаваць знакi таго цi iншага культурнага коду i такiм чынам сфармулююць культурную iмпэрыю, якая праглыне ўсе iншыя культуры. Зрэшты, калi б падобнае i здарылася, то з гледзiшча нашых традыцыйных каштоўнасьцяў, гэта было б яшчэ не найвялiкшай бядою, бо тады мы мелi б хоць адну - вартую нашых традыцыйных уяўленьняў - культуру. Сапраўдная бяда (для тых, хто лiчыць культуру за каштоўнасьць) у тым, што празь нейкi час (i гэта зусiм верагодна) мы ня будзем мець нiякай культуры - нiякай у яе традыцыйным разуменьнi, а будзем мець культуру без культуры, культуру, якую будзе немагчыма iдэнтыфiкаваць нават адносна самой сябе.

Зрэшты, калi наканавана такому здарыцца, то тут, як кажуць, i казаць няма пра што. Культура перастане быць культураю, i iдэнтыфiкаваць сябе чалавек (i супольнасьць) будзе не з нацыянальнаю культурай цi культурай пэўнага рэгiёну, а зь нечым зусiм iншым. Аднак, магчыма, гэтыя мае футурулягiчныя трызьненьнi ёсьць толькi штучнай унiвэрсалiзацыяй патэнцыйна лякальнай падзеi, прэвэнтыўным перапалохам ад зруху ў прасторы, якая раптам бязьмежна расхiнулася ва ўсе бакi ад нечаканага выбуху камунiкацыяў. Паспрабуем пагадзiцца, што гэта насамрэч так, i сытуацыя камунiкатыўна адкрытага грамадзтва кардынальна ня зьменiць адвечнай сутнасьцi чалавека, якi i надалей будзе шукаць i знаходзiць свае асновапалеглыя праекцыi ў нацыянальным культурным кодзе. Але якраз у гэтым выпадку мы i маем драматычную праблему, дзеля актуалiзацыi якой прапануецца гэты тэкст.



5 из 6