Мяне вабiць магчымасьць тварыць творцу мяне. Трансцэндэнтны Бог статычны, ён дадзенасьць, завершаная i непахiсная ад пачатку да канца. А мой бог несупынны рух i памнажэньне ў часе i прасторы, ён тоесны працягласьцi аб'ектыўнай гiсторыi. Але гэта нiчога не тлумачыць у маiм выбары, i я павiнен сказаць, чаму мяне не задавальняе звыклы Бог. Тым болей, што тая безаблiчная вечнасьць, якую прапануе мне Этнас, значна саступае ў прывабнасьцi райскаму прытулку ягонага канкурэнта.

Справа тут да сьмешнага празаiчная - я ня веру ў Яго iснаваньне. Я не магу даць веры iснаваньню Бога, якога здолеў перамагчы эгаiзм чалавека. Калi ня Бог, а чалавек найвялiкшая каштоўнасьць, калi семдзесят кiло гуманiстычна заклапочанай арганiкi крочыць наперадзе, а духоўная iдэя валачэцца ў яе за сьпiнай, як цень на зыходзе дня, то мяне немагчыма пераканаць, што гэты даўжэзны цень ёсьць прычынай мяне, а не наадварот. Ён мяне толькi палохае, калi я часам азiраюся. I яшчэ. Бачыце, я безумоўна i адразу паверыў бы ў iснаваньне трансцэндэнтнага Бога, каб ён намаляваў хаця б адну карцiну, зрабiў скульптуру, якi храм альбо вежу. Мне незразумела, як Творца з такiмi эстэтычнымi здольнасьцямi, з такiм пачуцьцём гармонii i пэрспэктывы змог утрымацца i не паспрабаваць сябе ў дойлiдзтве, жывапiсе, паэзii?

Этнас творыць несупынна. Творчасьць - перадумова яго iснаваньня. Этнас форма, вашчына, у якую кожны з нас дадае кроплю свайго жыцьця як творчага акту.

Ува ўсёй неверагодна складанай (i абсалютна нераспрацаванай) сыстэме ўзаемадачыненьняў памiж Я i Этнасам (для беларусаў да таго ж заблытанай амаль фатальна) найперш мяне цешыць магчымасьць быць далучаным да духоўнай iдэi, у сьвятле якой мой эгаiзм у фанабэрыстых строях найвялiкшай каштоўнасьцi робiцца да сьмешнага мiзэрным, дробненькiм i ўвогуле чэзьне. Бо гэтаксама як трансцэндэнтнаму Богу, я не магу даць веры гуманiзму, з-пад квятаста размаляванай маскi якога выглядае бляклая пыса панылай экзiстэнцыi.



4 из 5