
Міхал Дубянецкі
«Трэба рызыкаваць».
Дзёньнікавыя запісы 1985-1988 гадоў
Падрыхтоўка да друку Станіслава ДУБЯНЕЦКАГА.
Публікацыя Марыі Міхайлаўны Дубянецкай.
Яшчэ адна праява асабістай мужнасьці
У долі кожнага рэдактара перыядычнага літаратурнага выданьня ёсьць шчасьлівыя хвіліны. Яны зьвязаны з першаадкрывальніцтвам новых талентаў, выдатных твораў. За амаль 16 гадоў працы ў рэдакцыі часопісу “Полымя” мне даволі часта даводзілася перажываць такую радасьць.
Але гэта запеўка. Гаворка пойдзе пра трошкі іншае. Сёньня, з вышыні гадоў, мне падаецца цікавым, што рэдагаваньне мастацкіх рэчаў: раманаў, аповесьцяў, апавяданьняў, п’ес, вершаў, паэмаў помніцца толькі ў выключных выпадках. Затое ўсе ўспаміны, дзёньнікі, якія давялося рыхтаваць да друку самому ці нават проста чытаць вокам галоўнага рэдактара, не забываюцца. І тым больш такі жывы, эмацыянальны, выбуховы матэрыял, як дзёньнікі Міхала Дубянецкага “Трэба рызыкаваць…”
Як вядома, Дубянецкі быў таленавітым энцыклапедыстам, перакладчыкам, пісьменьнікам. Але асабліва ўдала і надзвычай вынікова спалучыліся ў ім дзьве прыродныя адоранасьці.
Ён стаў бліскучым кніжным выдаўцом – захопленым, ініцыятыўным, мудрым. Аднак на пасадзе дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”, каб яно працавала ня толькі на выкананьне эканамічнага плану, а для людзей, гэтым адбыць было немагчыма. Каб выпускаць патрэбныя, цікавыя кнігі, каб змагацца за іх з цэнзурай, патрабаваліся сьмеласьць, мужнасьць. У Міхала Дубянецкага яны меліся, пра што сьведчылі многія эпізоды ягонай дзейнасці.
Яшчэ адной праявай асабістай мужнасьці гэтага слаўнага чалавека сталі дзёньнікі. Здаецца, гэта так проста – пачаць іх весьці, зрабіць першы запіс. Але толькі не ў таталітарнай дзяржаве. Тут патрэбна адвага, бо занатаваныя радкі могуць трапіць у рукі высокапастаўленых ідэалагічных цэрбераў, цэнзараў у пагонах, а тады – чакай бяды. Ён гэтага не спалохаўся.
