Друкаваць дзёньнікі М. Дубянецкага часопіс “Полымя” пачаў у № 2 за 1999 год. Гэта быў асобны сшытак, які меў загаловак “Да гісторыі выданьня аповесьці Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”. Яму была дадзеная назва “Злое вогнішча”, а радок аўтара пакінуты падзагалоўкам. Да ліквідацыі незалежных рэдакцыяў, якая адбылася ў 2002 годзе, мы пасьпелі апублікаваць іх у “Полымі” у № № 10-12 за 2001 год, № № 1-4 за 2002 год...

Радуюся, што часопіс “Дзеяслоў” вырашыў апублікаваць астатнюю частку зьмястоўных дзёньнікаў. Гэта высакародна і справядліва ў дачыненьні да памяці пра Міхала Дубянецкага. Будзем спадзявацца, што некалі дзёньнікі выйдуць і асобнаю кнігаю.

Сяргей Законьнікаў.

5 студзеня 1985 году. Субота. Сяджу дома – выходны дзень. “Сяджу” – не зусім дакладна, бо ўвесь час нешта раблю. Днямі канчаткова вызваліўся ад “блакады” – “Блакаднай кнігі” Алеся Адамовіча і Данііла Граніна. Гэта незвычайная кніга вычарпала мяне канчаткова, фізічна і маральна. Фізічна таму, што вялікая, таму, што быў пэўны тэрмін здачы яе да выданьня, таму, што патрэбна было мазольна ўдасканальваць уніфікацыю мноства шмат разоў паўтораных там імёнаў, адрасоў і іншых рэаліяў. Маральна таму, што надзвычай цяжка аказалася быць прыкаваным такі працяглы час да тых трагічных, жудасных блакадных гісторыяў. Адчуваю, што я доўга яшчэ буду знаходзіцца пад уражаньнем усіх тых кашмараў, што доўга не змагу ўзяцца зноў за нешта значнае.

На 1986 год да выданьня не планую сабе нічога. Значыць, 1985 год – “свабодны”. А сёньня першы дзень гэтай свабоды. Як ніколі ўважліва азнаёміўся са сьвежым “ЛіМам”. Гэта першы нумар новага году. Вялікую плошчу нумару занялі ўзнагароды і… некралогі. Сьцяпану Александровічу нада­дзеная годнасьць “Заслужанага работніка культуры БССР”. Так сабе, без усякае юбілейнае даты, бяз нейкага “гарачага ўчынку”, а проста “за шматгадовую плённую літаратурную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцьці” Хай сабе й так! Любіць ён афіцыйнае, дзяржаўнае прызнаньне, дамагаецца яго. Але ж дзівак, хапіла б і добрага прызнаньня шматлікіх і ўдзячных яго чытачоў. Зрабіў жа нямала. Гэта і застанецца ў яго вечным актыве, а ня тое званьне, што вельмі часта даецца неўпапад.



2 из 449