
А колькі такіх прыкладаў у нашым “прыўкрасным”, як сказаў бы Валодзя Караткевіч, жыцьці, калі такія, як Алесь, не вытрымлівалі ні маральна, ні фізічна, гінулі, – чаго і дамагаліся чарнасоценцы.
Вось адзін з іх.
Некалькі гадоў таму на другім курсе гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага універсітэту быў праведзены незвычайны камсамольскі сход. На парадку дня было пастаўлена пытаньне пра якасьць лекцыяў па філасофіі. У прынятай пастанове студэнты-камсамольцы забракавалі лекцыі большай паловы выкладчыкаў. Больш таго, яны выказалі там думку, што ня трэба засьмечваць галовы студэнтаў шмат якім тэмамі наогул, што трэба вызваліць іх нават ад некаторых цэлых курсаў (цыклаў) лекцыяў.
Каб надаць большую моц свайму дакументу, яны вырашылі не абмяжоўвацца подпісам пад ім толькі кіраўнікоў (прэзідыуму) сходу, як гэта патрабуецца, а падпісацца ўсёй грамадою. Так і зрабілі. Свае подпісы паставілі таксама многія студэнты старэйшых курсаў гэтага факультэту, а нават і студэнты іншых факультэтаў.
Узьнікла бура. Юнакоў і дзяўчат пачалі цягаць то ў дэканат, то яшчэ кудысьці ці з удзелам “кагосьці”. Кожнага падсьледнага з пострахам дапытвалі пра яго адносіны да Польшчы, да польскае культуры і мовы. Шукалі сімпатыкаў, а то і агентаў “Салідарнасьці”. Намецілі недзе каля дваццаці ахвяраў. Адной з іх стаў студэнт Малашчук, сын урачоў з Кобрыну. Запалоханы юнак пабег у ваенкамат і папрасіўся тэрмінова ў войска, каб схавацца ад расправы. Але ж яго дагнаў дакумент аб выключэньні і з камсамолу, і з універсітэту.
Хлопец адслужыў сваё і з хадайніцтвам аб аднаўленьні яго ва універсітэце паступіў рабочым на Брэсцкі, здаецца, электралямпавы завод. Праз год вяртаецца ў Менск з двума хадайніцтвамі – вайсковым і заводскім. Пайшоў адразу да дэкана факультэту Царук – дачкі былога беларускага Прэзідэнта Сяргея Прытыцкага. Гэта аблаяла яго, назвала антысаветчыкам, ворагам народу і выставіла з кабінету. Малашчук пайшоў да прарэктара Петраляна. Тут адбылося тое самае. Затраўлены юнак падняўся на шосты паверх і… выкінуўся з вакна.
