Паводле загаду бургамістра ў Чыгрынавых, як у сям’і савецкага актывіста, забралі карову. Сяднёў быў асуджаны некалі бальшавікамі за так званую антысавецкую прапаганду. Некалькі гадоў сядзеў у турме ці ў канцлагеры. Вызвалены адтуль быў немцамі. Вярнуўшыся дамоў, паступіў пісарам да таго самага бургамістра, пісаў вершы, хадзіў да аднае жанчыны, як мог, зьмякчаў жорсткія загады бургамістра. Калі шматдзетная сям’я Чыгрынавых засталася без каровы, ён сваёй уладаю загадаў некалькім суседзям насіць ім малако. Пасьля вайны, вядома, у вёсцы не застаўся. Добра ведаючы, што, хоць не зрабіў нікому шкоды, але ж пакараны савецкай уладаю будзе жорстка. Апынуўся на Захадзе. Цяпер – у ЗША. Вядомы сярод эмігрантаў беларускі паэт.

У сваіх раманах Іван вывеў яго ў вобразе Масея Зазыбы. Антон Адамовіч сказаў Чыгрынаву, што ўсе пазнаюць Масея Сяднёва. Вось табе і Іван. Ён адразу вырас у маіх вачах. Добра, што сустрэўся з ім сёньня. Праўда, ён сказаў, што Сяднёў прыжыў з той жанчынай сына. Прыслаў яму нядаўна ліст, гатоў дапамагаць яму. Але ж “улады” даручылі гэтаму ж Чыгрынаву, каб ён ад імя сына Сяднёва адхіліў усякую дапамогу. І. Чыгрынаў вымушаны быў выступаць на замежным радыё ў гэтай справе. Казаць, што нацярпеўся шмат з гэтае прычыны.

28 студзеня 1985 г. Раптам у час майго абедзенага перапынку патэлефанаваў мне мой добры колішні знаёмы Мікола Галенка1. Размаўлялі з паўгадзіны, а сустрэцца хацелася абодвум. У мяне было на вечар запрашэньне Дома літаратараў на прагляд мастацкага двухсерыйнага фільма Сяргея Герасімава “Леў Талстой”. Запрашаю і Міколу, каб некалькі гадзін пабыць разам. Ён з задавальненьнем даў згоду. У 18 гадзінаў прыехаў да мяне на працу, і мы адсюль пайшлі туды па-над закаванаю ў лёд Сьвіслаччу.

Па дарозе размова зайшла пра Алеся2, пра яго незвычайны лёс і незвычайнае месца ў беларускай паэзіі. Пагадзіліся, што гэта паэт еўрапейскага, сусьветнага маштабу. Шчасьце, што ён не зламаўся ад бясконцых перасьледваньняў. Атакі на яго і цяпер працягваюцца, але ж, адчуваю, што ён перайшоў свой Рубікон і сваю справу рабіць сьмела, упэўнена і плённа.



9 из 449