
Загрукатала каляснiца i памчала перапалоханага Пелiя. А жыхары Iолка, якiя любiлi старога Эзона, вiталi юнака i правялi яго да дома бацькi.
Стары Эзон заплакаў ад радасцi, калi ўбачыў, якiм дужым i прыгожым стаў яго сын. Ён наладзiў вясёлы баль у сваiм доме, каб разам з усiмi роднымi i сябрамi адсвяткаваць вяртанне яго сына. Толькi аднаго Пелiя не было на гэтым свяце. Змрочны сядзеў ён у сваiм палацы, з трывогай чакаў прыходу Язона i думаў, як загубiць яго.
Язон прыйшоў да Пелiя разам з раднёй i сябрамi, i гэта яшчэ больш напалохала ўладара.
Язон сказаў Пелiю:
- Я не буду бiцца з табою. Мы не чужыя, мы адной з табой крывi: ты брат майго бацькi, ты мне радня. Я не хачу мячом вырашаць нашу спрэчку, хачу ўсё скончыць мiрам. Аддай мне па-добраму ўладу, якую ты захапiў сiлай, i я пакiну табе ўсе твае багаццi, усю зямлю, з якой ты збiраеш ураджай, i ўсе твае статкi i табуны коней, i тваю каляснiцу, i твой палац, i твае багатыя ўбраннi. Ты будзеш дажываць свой век у дастатку i спакоi, i я не крану нi цябе, нi тваiх дзяцей.
Але Пелiй так адказаў Язону:
- Твая праўда, сын Эзона, i я згодны аддаць табе тое, на што ты маеш права. Ды толькi цi справядлiва гэта, што ты хочаш атрымаць усё гэта дарэмна. Я ж дваццаць гадоў цараваў у Iолку i за гэтыя гады таксама набыў права на яго. А ты хочаш, каб я аддаў табе Iолк без усякай платы з твайго боку? Ты малады i дужы, Язон, ты мог бы зрабiць мне паслугу. Даўно ўжо каменем ляжыць на мне кроўная родавая крыўда, а ты ж сам сказаў: мы не чужыя...
- Загадвай! - усклiкнуў горда Язон. - Абяцаю зрабiць усё, што ты скажаш.
- Слухай! - сказаў Пелiй. - Цi ведаеш ты пра залатое руно? Цi ведаеш ты, што бацька Фрыкса i твой дзед былi браты, як твой бацька i я? Цi ведаеш ты, што сталася з Фрыксам у Калхiдзе?
I Пелiй расказаў Язону, што спачатку цар Ээт любiў Фрыкса, выдаў за яго старэйшую дачку Халкiопу i зрабiў яго сваiм наследнiкам. Але потым Ээт зноў сам ажанiўся, i новая жонка нарадзiла яму сына Апсiрта. Тады цар загадаў Фрыксу iсцi прэч з Калхiды. Фрыкс запатрабаваў, каб цар аддаў яму назад залатое руно. Пачуўшы пра гэта, Ээт раз'юшыўся i забiў свайго зяця.
