
- Цень Фрыкса не дае мне спакою, - з няшчырым сумам гаварыў Пелiй Язону, ён прыходзiць да мяне ўночы i просiць i патрабуе, каб я выправiўся ў Калхiду i адабраў у Ээта залатое руно. Але я стары, i няма ў мяне здароўя на такое далёкае падарожжа... Гэта павiнен зрабiць ты, Язон! Здабудзь залатое руно, i ты адпомсцiш за Фрыкса i твой родны край стане самым багатым на свеце, а я з радасцю аддам табе ўладу над Iолкам.
Так гаварыў Язону каварны Пелiй, а сам думаў:
"Iдзi шукаць сваю пагiбель! Дзе-небудзь ты знойдзеш яе - цi ў бурным моры, на чужым беразе, цi ў гасцях у каварнага Ээта - усё роўна ты загiнеш, сын Эзона. Не бачыць табе Iолка, як не здабыць i залатое руно!"
Язон пачаў збiрацца ў небяспечную i цяжкую дарогу.
Каб пераплыць тры моры i дабрацца да Калхiды, патрэбны быў вялiкi карабель, быстраходны i моцны, якога яшчэ не было ў Грэцыi. А каб зрабiць далёкае падарожжа на вялiкiм караблi i сiлаю або хiтрасцю здабыць залатое руно, Язону патрэбны былi адважныя i дужыя таварышы - маракi i воiны.
З гэтымi думкамi падаўся Язон у Пелiёнскi лес - шукаць дрэва, якое магло б стаць асновай для яго карабля. Неўзабаве каля падножжа гары знайшоў ён сасну i ўзяўся секчы яе. Раптам ён пачуў звонкi голас:
- Я памагу табе, Язон. У цябе будзе карабель, якога яшчэ не мелi людзi. Я дам табе ў таварышы найлепшых герояў Грэцыi i сама павяду вас скрозь буры i туманы, i ты здабудзеш залатое руно.
Язон пазнаў голас - голас старой, якая дзякавала яму, калi ён перанёс яе цераз раку.
Гэта была сама багiня Гера, жонка вялiкага Зеўса, якая вырашыла памагчы Язону. Яна загадала яму даручыць пабудову карабля iолкскаму будаўнiку Аргу i папрасiла дачку Зеўса Афiну Паладу, заступнiцу i ахоўнiцу вучоных i рамеснiкаў, кiраваць работай.
