
Ва ўяўленнi старажытных грэкаў багi былi падобны на людзей i адносiны памiж iмi нагадвалi адносiны памiж людзьмi. Грэчаскiя багi сварылiся i мiрылiся, увесь час умешвалiся ў жыццё людзей, удзельнiчалi ў войнах. Кожны з багоў меў сваю справу, "загадваў" пэўнай "гаспадаркай" у свеце. Элiны надзялялi сваiх багоў чалавечымi характарамi i схiльнасцямi. Ад людзей "смяротных" - грэчаскiя багi адрознiвалiся толькi тым, што былi бессмяротныя.
Як кожнае грэчаскае племя мела свайго правадыра, ваеначальнiка, суддзю i гаспадара, так i сярод багоў грэкi лiчылi правадыром Зеўса. Паводле вераванняў грэкаў, сям'я Зеўса - яго брат, жонка i дзецi - падзялялi з iм уладу над светам. Жонка Зеўса, Гера, лiчылася ахоўнiцай сям'i, роднага дому. Брат Зеўса, Пасейдон, уладарыў над марамi; Гадэс, або Аiд, кiраваў падземным царствам мёртвых; Дэметра, сястра Зеўса, багiня земляробства, распараджалася ўраджаем. У Зеўса былi дзецi: Апалон - бог святла, апякун навук i мастацтваў; Артэмiда багiня лясоў i палявання, Афiна Палада, якая нарадзiлася з галавы Зеўса, багiня мудрасцi, ахоўнiца рамёстваў i ведаў; кульгавы Гефест - бог-каваль i механiк; Афрадыта - багiня кахання i прыгажосцi, Арэс - бог вайны, Гермес вястун багоў, самы блiзкi памочнiк i любiмец Зеўса, ахоўнiк гандлю i мараплавання.
Мiфы расказваюць, што гэтыя багi жылi на гары Алiмп, якая была заўсёды закрыта ад вачэй людзей воблакамi, кармiлiся "ежай багоў" - нектарам i амброзiяй, i ўсе справы вырашалi на банкеце ў Зеўса.
