Людзi на зямлi звярталiся да багоў - да кожнага па яго "спецыяльнасцi", будавалi для кожнага з iх храмы i, каб улагодзiць, прыносiлi iм дарункi ахвяры.

Мiфы расказваюць, што, апрача гэтых галоўных багоў, уся зямля была населена багамi i багiнямi, якiя ўвасаблялi сiлы прыроды.

У рэках i ручаях жылi нiмфы Наяды, у моры - Нерэiды, у лясах - Дрыяды i Сатыры з казлiнымi нагамi i з рожкамi на галаве; у гарах жыла нiмфа Рэха.

У небе гаспадарыў Гелiёс - сонца, якi кожны дзень аб'язджаў увесь свет на сваёй залатой каляснiцы, запрэжанай вогнедышнымi коньмi; ранiцай пра яго выезд абвяшчала румяная Эас - зара; уночы над зямлёй смуткавала Селена - месяц. Вятры ўяўлялiся ў выглядзе розных багоў: паўночны грозны вецер - Барэй, цёплы i мяккi - Зефiр.

Жыццём чалавека распараджалiся тры багiнi лёсу - Мойры: яны пралi нiтку чалавечага жыцця ад нараджэння да смерцi i маглi абарваць яе, калi хацелi.

Акрамя мiфаў пра багоў у старажытных грэкаў былi мiфы пра герояў. Старажытная Грэцыя не была адзiнай дзяржавай, яна складалася з маленькiх дзяржаў-гарадоў, якiя часта ваявалi памiж сабою, а часам заключалi саюз супраць агульнага ворага. У кожнага горада, у кожнай вобласцi быў свой герой. Героем Афiн быў Тэзей, адважны юнак, якi абараняў родны горад ад заваёўнiкаў i перамог у паядынку страшнага быка Мiнатаўра, якому аддавалi на з'ядзенне афiнскiх юнакоў i дзяўчат. Героем Фракii быў славуты спявак Арфей. У аргiвян героем быў Персей, якi забiў Медузу, адзiн позiрк якой ператвараў чалавека ў камень.

Потым, калi грэчаскiя плямёны паступова аб'ядналiся i грэкi пачалi ўсведамляць сябе адзiным народам - элiнамi, з'явiўся герой усёй Грэцыi Геракл. Быў створаны мiф пра падарожжа, у якiм удзельнiчалi героi розных грэчаскiх гарадоў i абласцей, - пра паход арганаўтаў.

Грэкi з даўнiх часоў былi мараплаўцамi. Мора, што абмывала берагi Грэцыi (Эгейскае), было зручнае для плавання - на iм шмат астравоў, яно большую частку года спакойнае, i грэкi хутка яго асвоiлi. Перабiраючыся з выспы на выспу, старажытныя грэкi неўзабаве дасягнулi Малой Азii. Паступова грэчаскiя мараплаўцы пачалi асвойваць i землi, што знаходзiлiся на поўнач ад Грэцыi.



3 из 109