
Арганаўты пачулi яго крык. Палiфем, сябар Геракла, выхапiў меч, кiнуўся ў гушчар - ён думаў, што лясны звер напаў на хлопчыка, i заспяшаўся на дапамогу. Але нiкога не знайшоў ён каля ракi, толькi разбiты збан ляжаў у вадзе каля берага.
А Геракл тым часам паглыбiўся ў лес i знайшоў маладую сасну, якая здалася яму прыдатнай для новага вясла. Моцна абхапiўшы аберуч ствол, ён вырваў дрэва з коранем, узвалiў сасну сабе на спiну i панёс на бераг мора, каб там абчасаць яе i зрабiць вясло. Пачуўшы, што прапаў Гiлас, Геракл кiнуў сасну на зямлю i падаўся на пошукi свайго любiмца. Але дарэмна Геракл, прыгнуўшыся да зямлi, шукаў сляды на траве i ў кустах - след Гiласавых сандаляў быў вiдаць толькi на пяску каля самай вады.
Не, не лясны звер зацягнуў Гiласа ў сваю нару, не драпежная птушка схапiла яго. З усяе сiлы крычалi Геракл i Палiфем, паварочваючыся на ўсе чатыры бакi, клiкалi: "Гiлас! Гiлас!" I пачулi ў адказ слабы водгук - не то ўздых, не то стогн, быццам аднекуль здалёк адзываўся iм голас Гiласа. Яны не маглi зразумець, адкуль чуўся той голас, кiдалiся ў розныя бакi. А голас iшоў з вады, i калi б яны зазiрнулi ў раку, яны ўбачылi б, як плакаў i рваўся да iх з дна бедны Гiлас i як нiмфы старалiся суцешыць яго пацалункамi.
Але сябры не ведалi, што хлопчык быў гэтак блiзка ад iх, i падалiся на пошукi ў лясныя нетры. Усю ноч яны блукалi па лесе i зайшлi так далёка ад берага мора, што ўжо не маглi чуць, што рабiлася на караблi.
Арганаўты добра адпачылi ў тую ноч. На досвiтку, як толькi ўзышла заранка, прачнуўся рулявы Тыфiс i ўбачыў, што дзьме спадарожны вецер. Тыфiс пабудзiў таварышаў i пачаў прыспешваць з ад'ездам. Арганаўты хуценька сабралiся. Вецер надзьмуў белы ветразь, i карабель памчаўся па хвалях.
Узышло сонца, асвяцiла карабель, i арганаўты ўбачылi, што месцы Геракла i Палiфема пустыя. I не было хлопчыка Гiласа. Гэта была першая страта ў дарозе, i арганаўты захвалявалiся.
Што рабiць? Вярнуцца? Але ж вецер спадарожны... I яны ўжо ведаюць, як небяспечна вяртацца на старое месца. Плыць далей, кiнуць таварышаў адных на чужой старане... "Не!.. Не!.. Няхай скажа Язон, што рабiць. Язон абраны старшым, Язон - начальнiк, няхай распараджаецца Язон!" - так гаварылi арганаўты i акружылi Язона, патрабуючы, каб ён усё вырашыў.
