I мора было неспакойнае. Парывiсты вецер увесь час мяняўся, сярдзiта дзьмуў i гнаў карабель то ў адзiн, то ў другi бок. Цяжка было рулявому весцi карабель, i вялiкiя хвалi перашкаджалi веслярам. Марудна плыў уперад "Арго".

Раптам зламалася вясло ў Геракла. Вясло адразу ж знесла цячэннем, толькi палка засталася ў руках у героя. Са злосцi шпурнуў ён абломак у непрыветныя хвалi i пакiнуў сваё месца сярод весляроў.

Язон сказаў рулявому:

- Кiруй да берага! Мы стамiлiся змагацца з хвалямi, патрэбны адпачынак. I Гераклу патрэбна новае вясло. Ён знойдзе яго ў лесе на беразе. Прычалiм да берага!

Рулявы паслухмяна накiраваў карабель да зямлi, i неўзабаве яны прысталi да пустыннага берага, зарослага густым лесам.

Геракл накiнуў на плечы львiную шкуру, якую ён насiў замест плашча, узяў свой меч, лук i калчан са стрэламi i рушыў у лес па новае вясло. Стомленыя весляры з радасцю апусцiлi вёслы, прылеглi на траве адпачыць, пакуль згатуецца вячэра, а юнага Гiласа, выхаванца Геракла, якога ён вельмi любiў, паслалi пашукаць у лесе ручай i прынесцi вады.

Весела падсвiстваючы птушкам, Гiлас iшоў па лесе i прыслухоўваўся. Вось збоку, за кустамi, ледзь чутна ляпечуць лянiвыя рачныя струменi. Хлопчык расхiнуў кусты, i перад iм блiснула лясная затока. Было так цiха i такой ласкавай здавалася рака ў зялёных берагах, што Гiлас без усякай апаскi падышоў да вады i доўга любаваўся, як цудоўна адлюстроўвалiся ў рацэ кусты i дрэвы, i сiняе неба, i хмаркi, што плылi над лесам, i ён сам з вялiкiм збаном у руках. Раптам ён убачыў у празрыстай вадзе красуню нiмфу з зялёнымi валасамi; яна вабiла яго i клiкала да сябе на дно, дзе быў такi чысты пясок i мiльгалi рознакаляровыя рыбкi.

Хлопчык спалохаўся, хацеў хутчэй зачэрпнуць вады збаном, нагнуўся, i ў той жа момант дзве тонкiя рукi высунулiся з вады, абнялi яго моцна за шыю i пацягнулi за сабою. Збан выпаў у яго з рук, i Гiлас з жаласным крыкам апусцiўся ў ваду.



21 из 109