
Наблiжаючыся да зямлi, яны ўбачылi бедныя хацiны з камянёў i неабчасаных бярвёнаў i людзей у звярыных шкурах, дзiкiх i ваяўнiчых з выгляду. Заўважыўшы карабель арганаўтаў, дзiкiя людзi з крыкамi кiнулiся да таго месца, дзе прычальваў карабель, стоўпiлiся, нiбы бараны, i з цiкавасцю чакалi высадкi, не выказваючы нiякiх прыкмет гасцiннасцi. З натоўпу выйшаў чалавек вялiзнага росту, у чорным плашчы, з цяжкай дубiнай у руках.
Язон зразумеў, што перад iм правадыр гэтых дзiкiх людзей, i, ступiўшы на зямлю, звярнуўся да яго.
- Вiтаю цябе! - сказаў Язон. - Калi ласка, скажы нам, чыя гэта зямля i якi народ тут жыве? Мы - арганаўты, вольныя мараплаўцы. Плывём з грэчаскага горада Iолка ў далёкую Калхiду, каб здабыць залатое руно, якое прыносiць людзям багацце i дастатак. Не бойцеся нас, мы не зробiм вам нiякай шкоды. Мы толькi набяром у нашы пасудзiны свежай вады i паплывём далей. Вялiкi Зеўс загадвае ўсiм людзям быць гасцiннымi i даваць прытулак падарожнiкам...
- Не ведаю нiякага Зеўса! - груба перапынiў Язона чалавек у чорным плашчы. - Я - Амiк, у мяне свае законы. Калi ўжо лёс занёс вас да мяне, у царства бебрыкаў, дык ведайце, як я прымаю гасцей. Глядзiце! - I ён паказаў дубiнаю: каля ўвахода ў паселiшча на доўгiх жэрдках тырчалi высахлыя чалавечыя галовы. - Месца хопiць i для вас, марскiя бадзягi! - засмяяўся дзiкун.
Бебрыкi таксама ўсмiхалiся, iм падабаўся жарт цара.
Амiк гаварыў далей:
- Усiх чужаземцаў, якiя ступяць на маю зямлю, я частую па-свойму. Вось! I ён ганарыста ўзняў свой кулак велiчынёй з галаву Язона. - Гэй вы, мараплаўцы, хто з вас самы дужы, няхай выходзiць са мною на кулачкi! Хто мяне пераможа - будзе тут гаспадаром, каго я перамагу - з таго галаву здыму на памяць... Ну? Прымаеце мой пачастунак?
