Ледзь стрымлiваючы гнеў, слухалi арганаўты пахвальбу цара бебрыкаў. Язон не сказаў нi слова i пачаў здымаць з сябе зброю. Ды яго апярэдзiў Палiдэўк.

- Мяне называлi калiсьцi лепшым кулачным байцом у Эладзе, - сказаў ён таварышам, - дазвольце мне ўцiхамiрыць гэтага бебрыка. - I, павярнуўшыся да Амiка, пачцiва пакланiўся: - Дзякую за сардэчную сустрэчу. Не будзем марнаваць часу. Я гатовы!

Велiкан паглядзеў на Палiдэўка з усмешкаю: юны герой ледзь даставаў яму да пляча.

Але Палiдэўк спакойна зняў з сябе шчыт, меч i шлем i аддаў у рукi брату Кастору, каб ён патрымаў iх у час бою.

Амiк, сярдзiта буркнуўшы, адкiнуў убок сваю дубiну з такою сiлаю, што пыл узняўся слупам. Працiўнiкi скiнулi на траву свае плашчы i абматалi рамянямi рукi па локцi.

Бебрыкi прагным натоўпам акружылi iх. Арганаўты горда стаялi стройнымi радамi воддаль.

- Ну, малы, зараз табе будуць канцы! - фанабэрыста сказаў Амiк, размахнуўся i абрынуў свой цяжкi кулак проста на галаву Палiдэўка.

Але Палiдэўк своечасова ўхiлiўся i стукнуў злёгку працiўнiка ў жывот.

- О-хо-хо! - рагатнуў Амiк. - Ты вёрткi, малыш, але не дражнi мяне - я не люблю, калi мяне казычуць. - I, нагнуўшыся, з сiлай выкiнуў уперад кулак, каб ударыць юнака ў грудзi, пад сэрца.

Палiдэўк адскочыў убок i з размаху стукнуў велiкана ў скроню так, што ў галаве ў таго зазвiнела i чырвоныя кругi паплылi перад вачамi. Бебрык раз'ятрыўся i, не памятаючы сябе, пачаў бiць направа i налева, куды папала, трацячы дарэмна сiлы, таму што юнак арганаўт кожны раз паспяваў ухiлiцца, адскочыць назад i толькi стараўся знясiлiць свайго працiўнiка, а сам чакаў зручнага моманту, каб нанесцi рашаючы ўдар. Нiбы раз'юшаны бугай, кiдаўся Амiк ва ўсе бакi, цяжка дыхаючы, i пот буйнымi кроплямi кацiўся з расчырванелага твару i падаў на зямлю, нiбы дождж.

А юны грэк, лёгкi i гнуткi, спрытна кружыўся вакол непаваротлiвага бебрыка i раптам, iмклiва напаўшы на яго, ударыў у скроню - раз i другi - з такою сiлаю, што рассек яму чэрап.



25 из 109