- Я не магу сказаць вам, што з вамi будзе, - багi зноў загневаюцца на мяне. Але я магу даць вам параду. Калi вы пакiнеце салмiдэскую гавань i ўвойдзеце ў пралiў, якi злучае Прапантыду з другiм морам, вы ўбачыце ў канцы пралiва дзве скалы. Гэта Сiмплягады. Яны не стаяць на адным месцы - увесь час то зблiжаюцца, стукаючыся адна аб адну, то разыходзяцца. Нiхто з людзей смяротных яшчэ не праходзiў памiж Сiмплягадамi, нi адзiн карабель не праплываў памiж iмi. Але вам нельга абмiнуць iх: яны стаяць на вашым шляху. Зрабiце так. Вазьмiце з сабою голуба i, як наблiзiцеся да Сiмплягадаў, пусцiце наперад птушку. Калi яна паспее праляцець памiж скалаў, смела плывiце, толькi спяшайцеся, хутчэй вяслуйце - усё залежыць ад сiлы i хуткасцi вашых рук. Калi ж скалы раздушаць голуба, адразу ж вяртайцеся назад - значыць, няма вам далей дарогi.

Пачуўшы гэта, салмiдэскiя хлапчукi пабеглi, злавiлi маладога голуба i прынеслi сляпому цару.

Фiнэй абмацаў, цi дужыя крылы ў птушкi, i аддаў голуба Язону.

Назаўтра ранiцай арганаўты развiталiся з Фiнэем, селi на карабель i паплылi туды, дзе чакала iх удача або пагiбель.

Памiж рухомымi скаламi

Арганаўты павольна плылi па вузкiм, усыпаным падводнымi камянямi пралiве, глядзелi ўперад i маўчалi, таму што ў час небяспекi дужы не хоча паказваць перад iншымi сваю трывогу i ў сабе самiм шукае падтрымкi.

Пралiў пашыраўся ў канцы; ужо вiднелiся вялiзныя сiнiя скалы, якiя закрывалi выхад у мора, i чуваць было, як бiлiся аб iх хвалi.

- Сiмплягады! - сказаў урачыста Тыфiс.

I ўсе ўбачылi, як скалы раптам рассунулiся, разышлiся, пакiдаючы праход, нiбы запрашалi "Арго" прайсцi памiж iмi. Хвалi з шумам рынулiся ў праход, несучы карабель уперад. Але тут скалы зноў сышлiся, з грукатам стукнуўшыся адна аб адну. Мора вакол зашыпела, i белая пена ўскiпела на грабянях хваль.

Хвалi неслi "Арго" проста на скалы. На носе карабля стаяў Язон i трымаў у руках голуба. Як толькi скалы разышлiся зноў, Язон выпусцiў птушку ў праход; яна паляцела памiж скалаў, якiя хутка сыходзiлiся зноў, пагражаючы раздушыць маленькi белы камячок. З грукатам сутыкнулiся гмахi, i мора адкiнула карабель назад. Ён закружыўся, нiбы трэска. Зноў рассунулiся скалы, i арганаўты з радасцю ўбачылi, што белы голуб праляцеў Сiмплягады. Яны гучна закрычалi.



29 из 109