
Тыфiс загадаў веславаць з усяе сiлы i як мага хутчэй.
Мора раптам уздыбiлася пад караблём i кiнула яго ў паток памiж скаламi. Насустрач "Арго" iшла другая хваля, яшчэ вышэйшая, i вёслы арганаўтаў сагнулiся ў дугу.
Тады Тыфiс загадаў: "Кiньце веславаць!" - i вёслы, узляцеўшы ўгору, спынiлiся. Грозны вал пакацiўся пад кiль карабля i пачаў кiдаць i круцiць "Арго", а скалы ўжо сыходзiлiся.
- О, царыца Алiмпа, выратуй нас! - пачалi малiць арганаўты.
I вось над бурлiвым морам з'явiлася сама багiня Гера. Левай рукой яна спынiла скалу, якая пагражала раздушыць карабель, а праваю моцна штурхнула "Арго" ўперад, i ён нiбы страла праляцеў памiж скалаў.
Быццам злуючыся, спынiлiся грозныя скалы i ўжо не сышлiся больш. Так i засталiся яны стаяць каля ўвахода ў мора, i з таго часу караблi свабодна праплываюць памiж iмi.
Канец дарогi
Арганаўты апынулiся на марскiм прасторы i шумна радавалiся, што пазбеглi пагiбелi.
- Цяпер нам нiчога не страшна! - сказаў весела рулявы. - Мы мiнулi Сiмплягады, i гэта добрая прыкмета: мiнуем i ўсе перашкоды, якiя яшчэ нас чакаюць.
Але Язон меў збянтэжаны i сумны выгляд.
- Гэта мая вiна, - гаварыў ён, - я завабiў вас у чужое страшнае мора, я прымусiў гэтак цяжка вас працаваць, праз мяне вы рызыкуеце сваiм жыццём... Навошта я паклiкаў вас з сабою ў падарожжа, якое пагражае небяспекаю? Сядзелi б вы спакойна дома...
Ды гэта былi толькi хiтрыкi: ён хацеў упэўнiцца, цi не аслабелi духам арганаўты пасля суровага выпрабавання каля рухомых скалаў.
Героi адказалi смехам на хiтрыя словы Язона.
