
Самi па сабе старажытнагрэчаскiя мiфы - народныя паданнi, якiя прыйшлi да нас з далёкай мiнуўшчыны, - поўныя паэзii i глыбокага сэнсу. Свабодалюбiвы Геракл, якi ачышчае зямлю ад страшыдлаў, смелыя адкрывальнiкi новых земляў арганаўты, Праметэй, якi паўстаў супраць бога i даў агонь чалавецтву, - усе гэтыя вобразы сталi здабыткам сусветнай лiтаратуры, i кожны культурны чалавек павiнен iх ведаць.
АРГАНАЎТЫ
Баран з залатым руном
Калiсьцi, у даўнiя-даўнiя часы, расказвалi грэкi, над горадам Архаменам праплывала высока ў небе хмара. Паветраная нiмфа Няфела (што i азначае па-грэчаску "хмара") убачыла на гары над горадам прыгожы палац з белымi калонамi i шырокiмi тэрасамi. Ёй захацелася даведацца, хто там жыве, i яна спусцiлася ўнiз, на каменныя прыступкi палаца.
Насустрач Няфеле выйшаў гаспадар палаца - архаменскi цар Афамант. Ён прывiтаў прыгажуню нiмфу i запрасiў яе ў палац.
Мiнула некалькi гадоў. У царыцы Няфелы нарадзiлiся блiзняты - хлопчык i дзяўчынка, Фрыкс i Гела. Цар Афамант радаваўся, што ў яго нарадзiлiся дзецi. У Архамене было вясёлае свята, жыхары горада цэлы дзень тоўпiлiся каля палаца, каб прывiтаць навароджаных.
Толькi адна Няфела была неспакойная i нярадасная. Яна часта пачала задумвацца, сумавала па доўгу стаяла на самай высокай тэрасе палаца i глядзела на неба. Душна, цесна стала ёй у прыгожым палацы, яе вабiла ў нябесныя прасторы, на волю. Неяк раз вечарам яна ўбачыла на небе хмары, засмяялася ад радасцi, узняслася да iх, забыўшы пра ўсё на свеце, i вецер панёс яе далёка ад Архамена.
Дарэмна плакалi ў палацы маленькiя Фрыкс i Гела i клiкалi мацi - нiмфа Няфела не вярнулася на зямлю.
